Політэхнічны інстытут (укр.: Політехні́чний інститу́т, вымаўленнеⓘ) — 6-я станцыя Кіеўскага метрапалітэна, размешчаная на Святошынска-Броварскай лініі паміж станцыямі «Шуляўская» і «Вакзальная».
Гісторыя
Адкрыта 5 лістапада 1963 года ў складзе другой пускавой чаргі. Назва станцыі выбрана па яе размяшчэнню побач з Кіеўскім політэхнічным інстытутам.
Апісанне
Інтэр’ер станцыі адпавядае патрабаванням таго часу па барацьбе з «архітэктурнымі празмернасцямі», даволі стрыманы, мінімум мармуру, нават карнізы на пілонах адсутнічаюць. Але форма пілонаў пераклікаецца з тагачаснымі агульнымі тэндэнцыямі — навука, космас. Гэтую тэму падтрымлівае барэльеф пад назвай «У космас» на кантавой сцяне цэнтральнай залы.
Побач са станцыяй знаходзяцца Кіеўскі заапарк і медыцынскі інстытут. У пешаходнай даступнасці — станцыя хуткаснага трамвая «Політэхнічная».
Станцыя глыбокага залажэння. Мае тры падземныя залы — сярэднюю і дзве залы з пасадачнымі платформамі. Залы станцыі злучаныя паміж сабой шэрагам праходаў-парталаў, якія чаргуюцца з пілонамі. Падземны вестыбюль злучаны з наземным трохстужачным аднамаршавым эскалатарам.
Станцыя мае выхад на скрыжаванне праспекта Перамогі, Політэхнічнага завулка і вуліцы Ванды Васілеўскай. Наземны вестыбюль размешчаны ў чатырохпавярховіку па праспекце Перамогі, 35, у якім размяшчаецца адміністрацыя метрапалітэна.
Абсталяванне
Пілоны абліцаваныя жоўтым мармурам, звужаюцца да нізу і маюць вертыкальныя вентыляцыйныя рашоткі. Асвятленне цэнтральнай залы — закарнізнае; бакавыя залы асвятляюць светлавыя лініі, аформленыя папярочнымі шклянымі пласцінамі. У тарцы цэнтральнай залы — алегарычная барэльефная кампазіцыя, прысвечаная асваенню космасу — дзяўчына на фоне сярпа і молата. Лязо сярпа пераходзіць у трасу руху Спадарожніка-1, які ляціць да сонца.
Восенню 2015 года з барэльефа, у рамках працэсу дэкамунізацыі, быў дэмантаваны малюнак молата.
Рэжым працы
Адкрыццё — 5:45, закрыццё — 00:14.
Адпраўленне першага цягніка ў накірунку:
- ст. «Лясная» — 5:49
- ст. «Акадэмгарадок» — 6:00
Адпраўленне апошняга цягніка ў накірунку:
- ст. «Лясная» — 0:18
- ст. «Акадэмгарадок» — 0:29
Фотаздымкі
-
Цэнтральная зала станцыі
-
Барэльеф «У космас» у тарцы цэнтральнай залы станцыі
-
Від на эскалатарны нахіл
-
Пасадачная платформа станцыі
-
Форма пілонаў
-
Арнамент на сцяне платформы
-
Назва станцыі на шляхавай сцяне
-
Дзверцы на шляхавай сцяне з указаннем года адкрыцця станцыі
Крыніцы
Спасылкі