Плошча выцягнута на 560 метраў з поўначы на поўдзень і на 165 — з захаду на ўсход. Сучаснае аблічча плошчы аформілася ў XVI стагоддзі, калі Ісфахан быў сталіцай Імперыі Сефевідаў. У 1589 годзе шах Абас I Вялікі перанёс сталіцу ў Ісфахан і пачаў актыўнае будаўніцтва.
Гістарычна плошча выкарыстоўвалася таксама як стадыён для гульні ў коннае пола непасрэдна пад вокнамі шахскага палаца; выявы эпізодаў гульні сталі любімай тэмай іранскіх мініяцюр. Цяпер уздоўж плошчы цягнуцца гандлёвыя рады і сувенірныя крамы, а на самой плошчы размешчаны фантаны.