Першая частка кнігі (раздзелы 1—9) змяшчае генеалагічныя спісы, датычныя радаводу Давіда, святароў і левітаў, а таксама гараджан Іерусаліма. Яна падводзіць да гісторыі Давіда, якая ахоплівае рэшту Першай кнігі хронік (раздзелы 10—29). У расповедзе пра Давіда няма згадкі пра перыпетыі з Саўлам, грэх Давіда і іншыя благія падзеі ў яго сям’і, пра якія падрабязна распавядаюць Кнігі Цароў. Замест гэтага зроблены акцэнт на прароцтвы Натана. Шмат месца храніст прысвячае справам культу — пераносу Каўчэга Запавету, падрыхтоўцы да будаўніцтва Храма, парадкаванню задач святароў. Таму дапускаюць, што аўтар сам быў набліжаны да служэння ў Храме.