На пляцоўцы тэатра праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, адбываюцца прэм'еры кніг, праходзяць выстаўкі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва[1].
Першая творчая вечарына тэатра адбылася ў красавіку 2006 года. Дэбютам стала промаакцыя «Моладзь ідзе», якую зладзілі ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі творцы Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх. Жаданне стварыць уласную прастору, дзе можна было б праявіць сябе, вызначыць адметную плынь у літаратурным працэсе, і паслужыла штуршком для стварэння тэатра[3].
Першыя гады Аксана Спрынчан вяла тэатральныя вечарыны са Змітром Арцюхом, Вадзімам Клімовічам, Аленай Маслай, Палінай Грынчанкай. З 2001 года асноўныя вядоўцы — Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. У верасні 2009 года адбылася прэзентацыя сайта.
За першыя 10 год існавання тэатра, пад яго дахам выступілі каля 200 беларускіх творцаў[3]. Галоўнай пляцоўкай правядзення творчых вечарын першыя 15 год была бібліятэка № 15 імя Цёткі (Мінск, вул. Талбухіна, 12А). Сваё 15-годдзе тэатр сустрэў на новым месцы — у бібліятэкі № 13 (вул. Народная, 43а)[4].
Тэматыка вечарын
«Арт.С» ладзіць шэраг тэатральных праектаў. Так, на працягу года працягваўся задыякальна-паэтычны праект «12 сузор’яў», калі са снежня 2007 па лістапад 2008 штомесяц тэатр ладзіў вечарыну, прысвечаную пэўнаму знаку задыяка.
З 2009 па 2020 год, пастанавіўшы жыць паводле свайго, а не ўсходняга календара, «Арт.С» ладзіў 12-гадовы праект «Святкуйма беларускае!». Цягам 12 гадоў тэатр ствараў свой беларускі каляндар, блізкі кожнаму беларусу. Так, 2009 год быў абвешчаны годам Багоўкі, 2010 — Зялёнай Жабкі, 2011 — Вогненнага Вожыка, 2012 — Арэхавай Вавёркі, 2013 — Зорнай Рысі, 2014 — Срэбнага Бабра, 2015 — Беласнежнай Казы, 2016 — Чорна-Белага Бусла, 2017 – Аксамітнага Мятліка, 2018 – Залатой Рыбкі, 2019 – Мядовай Пчалы, і завяршыў праект 2020 – год Сонечнага Павука[5][1].
«Сакральная Беларусь» — паэтычна-міфалагічны праект, у якім творцы і навукоўцы чытаюць вершы і апавядаюць пра сакральны свет Беларусі.
Таксама ў тэатры адбываюцца спектаклі-прэзентацы аўтараў кніг. Напрыклад, для гледачоў-кнігалюбаў праводзіліся «Вечарына інтэлектуальных зданяў» (прэзентацыя кнігі Людмілы Рублеўскай «З’яўленне Інфанты»), «Прэзентацыя кнігі, якая ёсць» (да кнігі Віктара Шніпа «Заўтра была адліга»). У казачнай атмасфера праходзіла прэзентацыя зборніка казак «Зорная Кася».
22 красавіка 2016 года адбылася імпрэза ў гонар 10-годдзя Паэтычнага тэатра «Арт.С». Юбілейная вечарына была прысвечана лекавым зёлкам з батанічнага слоўніка Зоські Верас. Кожнаму выступоўцу адпавядала пэўная расліна, пра лекавыя і карысныя ўласцівасці якой апавядалі вядучыя. Таксама была арганізавана фотавыстава «Свята 10-годдзя» Міколы Лінніка і Васіля Кузьмічкіна, фатографаў Паэтычнага тэатра «Арт.С»[3].
Узнагароды
2016 — званне ганаровага лаўрэата літаратурнай прэміі «Блакітны свін»; да 10-годдзя творчай дзейнасці, за адданасць беларушчыне, крэатыўнасць, шматгадовую папулярызацыю беларускай літаратуры, здольнасць аб’ядноўваць таленты і абуджаць сэрцы[6].
Беніцэвіч Н.Бывай, зіма // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 11 сакавіка 2011. — В. (4605. — № 10. — С. 16. Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2016.
Грушэцкі А. Л.«Арт.С»: паэзія, сустрэчы, сяброўства // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 23 красавіка 2021. — В. 5121. — № 16. — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2021.
Рублеўская Л.. Лира, лютня и любовь(нявызн.). Советская Белоруссия (27 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2016. Праверана 24 красавіка 2016.