Партрэт Аляксандры Марыяны Весялоўскай, работы невядомага мастака. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[1].
Гісторыя
Партрэт мог быць створаны ў 1632 — каля 1648, гэта значыць пасля пачатку будаўніцтва касцёла і да смерці яго фундатаркі[1].
Карціна выяўлена 8-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1966 годзе ў Дабравешчанскім касцёле манастыра брыгітак у Гродне[1].
Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1966—1970 гадах у Ленінградзе[1].
Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[1].
Апісанне
Партрэт мае памеры 210×133,5 см.
Аляксандра адлюстравана ў касцюме па польскай модзе[2]. Яна ў прасторнай чорнай сукенцы, якая поўнасцю хавае ступні ног. Шыю і грудзі закрывае белая падвіка. Доўгія рукавы сукенкі заканчываюцца белымі палатнянымі манжэтамі. Сукенка мае яшчэ доўгія дэкаратыўныя рукавы, якія звісаюць ззаду. Валасы поўнасцю закрывае чорны аксамітны каўпак з футравай апухай, надзеты на туга накрухмалены невялічкі рантушак[2].
Выстаўкі
- Гродна 1923
- Выстаўка работ мастака-рэстаўратара вышэйшай кваліфікацыі А. Б. Брындарава. Ленінград. 1977
- Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у СССР, прымеркаваная да XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў. Масква. 1977
- Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
- Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
- Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
- Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
- Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
- Мастацтва Гродзеншчыны XVI—XVIII стст. Мінск. 1998
Зноскі
Літаратура
- Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст. / Уступ. арт. Н. Ф. Высоцкай, склад. Н. Ф. Высоцкая, Т. А. Карповіч. Мн.: Беларусь, 1980.
- Карпович Т. А. Портреты из Несвижа и Гродно в собрании Государрственного Художественного Музея БССР // Музей. М., 1980. № 22
- Карповіч Т. А. Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Каталог. Мн., 1981. С. 1-112. № 25
- Jodkowski J. Muzeum w Grodnie, zarys dziejów powstania i rozwoju 1920—1922. Grodno, 1923. S. 5