Парламенцкая асамблея Еўранэст (англ.: Euronest Parliamentary Assembly) — міжпарламенцкая ўстанова, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў Еўрапарламента і парламентаў краін-удзельніц Усходняга партнёрства. Створана з мэтай спрыяння палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі паміж Еўрапейскім Саюзам і краінамі Усходняга партнёрства. Еўранэст робіць уклад ва ўмацаванне і развіццё Усходняга партнёрства, як установа, якая адказвае за парламенцкія кансультацыі, нагляд і кантроль.[1]
Устаноўчы акт Парламенцкай асамблеі Еўранэст падпісаны ў Брусэлі 3 мая 2011 года.[2]
Склад
Асамблея складаецца з дэлегацыі Еўрапарламента і дэлегацый краін-удзельніц Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Грузія, Малдова, Украіна). Дэлегацыю Еўрапейскага парламента складаюць 60 еўрадэпутатаў, а дэлегацыі краін-удзельніц -10 прадстаўнікоў ад кожнай краіны.
Беларусь, якая з'яўляецца ўдзельніцай Усходняга партнёрства, не мае прадстаўнікоў у Асамблеі па палітычных прычынах, звязаных з падзеямі снежня 2010 года ў Мінску.[3]
Структура
Асамблея мае наступную структуру:
- Пленум Парламенцкай асамблеі Еўранэст;
- Бюро;
- Камітэты;
- Сакратарыят.[2]
Таксама існуюць пасады двух сустаршыняў, якія кіруюць на пленарных паседжаннях.
Камітэты і працоўныя групы
Пастаянныя камітэты Асамблеі сустракаюцца двойчы на год. Адна з такіх сустрэч адбываецца паралельна з пленарнай сэсіяй. Працоўныя групы сустракаюцца пры неабходнасці.
Пастаянныя камітэты
- Камітэт па палітычных пытаннях, правах чалавека і дэмакратыі;
- Камітэт па эканамічнай інтэграцыі, збліжэнні прававых норм і канвергенцыі з палітыкай ЕС;
- Камітэт па энергетычнай бяспецы;
- Камітэт па сацыяльных пытаннях, адукацыі, культуры і грамадзянскай супольнасці.
Працоўныя групы
- Працоўная група па Беларусі;
- Працоўная група па працэдурных правілах.
Зноскі