Выхаванец школы бялградскага «Партызана». У 2007 годзе перабраўся ў склад «Бяжаніі», і ў маі 2008 года дэбютаваў за гэты клуб у сербскай Суперлізе ў матчы супраць «Хайдука» (0:1). Пасля вылету «Бяжаніі» з элітнага дывізіёна працягваў гуляць за каманду ў Першай лізе, а ў 2010 годзе перайшоў у «Рад», за які выступаў на працягу трох сезонаў у якасці трывалага іграка асновы.
У ліпені 2013 года стаў іграком «Вайводзіны», падпісаўшы двухгадовы кантракт, але ў лютым 2014 года быў набыты польскім клубам «Лехія» з Гданьска. У жніўні 2015 года вярнуўся ў Сербію, на правах гадавой арэнды папоўніўшы склад «Партызана», аднак згуляў толькі ў пяці матчах чэмпіянату. У ліпені 2016 года ў якасці свабоднага агента далучыўся да клуба «Напрэдак».
У студзені 2017 года падпісаў кантракт з беларускім клубам «Дынама» з Мінска[3]. Пачынаў сезон 2017 на пазіцыі левага абаронцы, пазней стаў выступаць у якасці апорнага паўабаронцы.
У пачатку 2018 года рыхтаваўся да новага сезона разам з «Дынама», аднак у лютым было абвешчана аб пераходзе абаронцы ў грэчаскі клуб «Керкіра»[4]. У жніўні 2018 года далучыўся да турэцкага «Карабюкспора», аднак ужо ў верасні, так і не згуляўшы за яго, вярнуўся ў Сербію і стаў іграком клуба «Младаст» (Лучані).
У снежні 2019 года падпісаў кантракт з баснійскім клубам «Тузла Сіці». У ліпені 2020 года вярнуўся ў Сербію, стаўшы іграком «Напрэдака», а ў студзені 2021 года зноў далучыўся да «Младасці».