Нямецкі рынак (таксама Рыбны рынак) — гістарычная назва пляца ў гістарычным цэнтры горада Гродна, дзе раней адбываўся гандаль рыбай. Меў квадратную форму з даўжынёй бока каля 40 м[1]. Знаходзіўся ў межах яўрэйскага раёна, па суседстве са старымі яўрэйскімі могілкамі (былі знішчаны ў час і пасля Другой сусветнай вайны)[2].
Нямецкі рынак, верагодна, існаваў у Гродне яшчэ да атрымання горадам Магдэбургскага права (1496 год), бо ў крыніцах XVI ст. ён ужо згадваецца як «старадаўні». У валочнай памеры Гродна 1560—1561 гг. адзначаецца заняпад рынку: «ніякага гандлю не бывае». У XIX і XX стст. рынкавы пляц называўся: Шпітальная плошча (1882 г.), Казіны рынак (1830-я гг. і пачатак XX ст.), Рыбны рынак (1920—1930-я гг.)[3].
У 1928 годзе гарадская Рада разглядала пытанне пераносу рынка, бо ў гэтым месцы планавалася будова моста праз даліну Гараднічанкі ў кірунку Каложы і Завяршчызны. Праект гэтага моста быў прапанаваны яшчэ ў часы Расійскай імперыі. Рынак прапаноўвалі перанесці крыху далей на тагачасную вуліцу Вызвалення (з 1931 года - вуліца Пераца[4], сучасная частка вуліцы Вялікай Траецкай) і размясціць побач з так званым Мясным рынкам. Аднак мост тады не пабудавалі, бо 136 гандляроў і мясцовых жыхароў падпісалі мемарыял супраць пераносу рынка. У выніку на рынку пабудавалі новыя навесы і добраўпарадкавалі яго тэрыторыю[5].
Сёння на месцы былога рынку знаходзіцца заасфальтаваная аўтамабільная паркоўка. Некаторыя экскурсаводы ўключаюць наведванне Нямецкага (Рыбнага) рынка ў свае турыстычныя маршруты па Гродне[6].
«Мая сям’я жыла ў яўрэйскай зоне. Раён ад Віленскай вуліцы да пажарнай каланчы. Тут практычна ў кожным доме ў яўрэяў былі свае пякарні і крамы. Быў там і рыбны рынак, дзе можна было знайсці любую рыбу. Памятаю, у адмысловых карытах плавалі добрыя шчупакi. Рыбу лавілі каля Старога замка, пасля яўрэі яе забіралі і везлі на рынак. Аднойчы ў нас нават была марская асятрына ў Нёмане. Да нас яна трапляла з Балтыкi, таму што не было тады ніякіх дамбаў, як цяпер», — узгадваў Нямецкі рынак гродзенскі старажыл Анатоль Міхайлавіч Песняк[7].
Зноскі
↑Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 80-81. — 339 с. — ISBN 978-83-61617-85-3.
↑Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 136—137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.