Віла Джулія (італ.: Villa Giulia) — былая загарадная летняя рэзідэнцыя Пап (лац.: Villa Suburbana), сёння — нацыянальны музей этрускага мастацтва (італ.: Museo Nazionale Etrusco di Villa Giulia).
Віла была пабудавана ў 1550—1555 гадах Барталамеа Аманаці ў стылі маньерызму для Папы Юлія III (адсюль яе назва). Віла сёння ўяўляе сабой толькі малую частку ранейшай рэзідэнцыі, якая раней утварала комплекс з трох будынкаў.
У канцы XVIII стагоддзя пачынаецца сістэматычнае даследаванне этрускіх знаходак. Музей быў заснаваны ў 1889 годзе з мэтай захоўвання рымскіх антычных знаходак з Лацыё, паўднёвай Этрурыі і Умбрыі, якія адносяцца да этрускага мастацтва. Пазней калекцыя музея папоўнілася некаторымі прыватнымі зборамі: Барберыні (1908 г.), Кастэлані (1919 г.), Пескіёці (1972 г.).
На першым паверсе экспануюцца прадметы з этрускіх некропаляў — урны, статуэткі, саркафагі. У залах 1-10 і 23-34 прадстаўлены рэканструкцыі мадэляў этрускіх гарадоў, такіх як Вульчы, Тодзі, Вей і Чэрветэры, экспанаты з прыватных калекцый знаходзяцца ў залах 11-22.
У зале 7 прадстаўлена скульптура з Вей — тэракотавая статуя Апалона, у зале 9 знаходзіцца тэракотавы саркафаг мужа і жонкі з некропаля Бандзітача ў Чэрветэры, VI ст. да н.э. Ён уяўляе сабой ложа на фігурных ножках з шлюбнай парай, якая ляжыць на ім. На другім паверсе прадстаўлены вырабы з бронзы, вялікая калекцыя ваз, упрыгожванні.