Мія Сяргееўна Міткевіч (нар. 31 снежня 1991) — менеджарка ў сацыяльна-культурнай сферы з Мінску, арт-дырэктарка івэнт-агенцтва Nuestro Amor. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].
Біяграфія
Мія Міткевіч нарадзілася 31 снежня 1991. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, пазней атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце культуры і мастацтваў. Працавала харэографам у адным з фізкультурна-аздараўляльных цэнтраў Мінска, пасля стала займацца арганізацыяй арт-праектаў, заснавала свой бізнес, звязаны з кінавытворчасцю. Мія Міткевіч была аўтарам петыцыі, у якой прасіла звярнуць увагу на справу братоў Косцевых, па якой быў вынесены прысуд у выглядзе смяротнага пакарання, і змяніць смяротнае пакаранне на іншую меру[2]. Піша вершы[3].
Палітычны пераслед
Мія Міткевіч была затрымана 19 студзеня 2021, ёй было прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для затрымання сталі тры допісы ў сацсетцы vkontakte. Да суда ўтрымлівалася ў СІЗА г. Мінска на вул.Валадарскага[4][5].
21 траўня 2021 Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Мікалаеўна Шылько) асудзіў Мію Міткевіч да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму, менавіта столькі запатрабаваў раней пракурор Александр Рамановіч, які падчас спрэчак заявіў, што "Мія Міткевіч з'яўляецца радыкальна настроенай у адносінах да дзеючай улады асобай, гатовай рэзаць, гвалціць і гэтак далей"[6][7][8].
27 траўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[9][10].
Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі была пераведзена ў СІЗА г. Жодзіна. Падчас этапу і пазней у СІЗА Жодзіна сутыкнулася з фізічным гвалтам, дзяўчыне выбілі плячо, білі дручком па нагах, пачаліся праблемы са здароўем[4][11].
Вырак адбывала ў папраўчай калоніі №4 у Гомелі[1]. Выйшла на волю 11 кастрычніка 2023 года[12].
Зноскі
Спасылкі