Член ЦВК БССР у 1921—1927, у 1927—1929 гадах — кандыдат у члены[2].
Тройчы выключаўся з камуністычнай партыі. Першы раз выключаны ў 1929 годзе, калі ён быў па справах выдавецтва ў Германіі 10 месяцаў і не змог заплаціць членскія ўнёскі. Пасля яму была вынесена вымова, у 1932 годзе адноўлены. Другі раз выключаны ў 1933 годзе, калі былі знойдзены разыходжанні ў даце нараджэння: паводле адных дакументаў, ён нарадзіўся ў 1893 годзе, паводле іншых — у 1895. Гэта расцанілі як прыпіску ўзросту для павелічэння партыйнага стажу. Трэці раз аднавіцца не здолеў[3].
Рэпрэсіі
У час палітычных рэпрэсій у 1934 годзе, каб не падстаўляць пад іх сям’ю, з’ехаў у Магадан на прыіск «Разведчык» (пасёлак Разведчык Ягаднінскага раёна), працаваў загадчыкам планава-эканамічнай часткай. Як пазней ён напісаў у аўтабіяграфіі, прычынамі ад’езду сталі вострае ўспрыняцце выключэння з партыі, а таксама «шчырае захапленне пафасам асваення Крайняй Поўначы»[3]. Адпрацаваўшы тры гады на Калыме, у 1937 годзе едзе ў адпачынак у Менск. Пабыўшы з сям’ёй, праз месяц вяртаецца назад[3].
3 лістапада 1937 года арыштаваны органамі НКУС БССР[2] у Магадане[3]. Два з паловай гады, пакуль ішло следства, Мароз сядзеў у магаданскай турме. У першыя ж суткі пасля арышту з яго выбілі прызнанне, што ён удзельнічаў у контррэвалюцыйнай беларускай нацыянальнай арганізацыі, вёў актыўную барацьбу з Савецкім Саюзам. Праўнук Клім Батароеў, распавядае, што Міхаіла Мароза білі, ставілі на «стойку» (некалькі дзён прымушалі стаяць, не даючы заснуць)[3].
Асуджаны 3 снежня 1940 года пастаяннай выязной сесіяй Хабараўскага краявога суда ў горадзе Магадане на 5 гадоў да зняволення ў папраўча-працоўны лагер[2] і 2 гады паражэння ў правах паводле артыкула 58-4-11-10 Крымінальнага кодэкса РСФСР.
Вызвалены 3 лістапада 1942 года, але, паводле прысуду, у яго заставалася яшчэ два гады паразы ў правах. Працаваў у лясным аддзеле Магаданскай чыгункі, унутранай дарозе лагера, якой цяпер не існуе. Праз лагерныя ўмовы яго разбіў паралюш, аднялася левая палова цела. Праз два гады пасля вызвалення Міхаіл Мароз трапіў у дом інвалідаў у Магадане[3].
У жніўні 1944 года Мароза адправілі ў горад ТутаеўЯраслаўскай вобласці, дзе ён павінен быў стаць на ўлік. Але, відаць, туды не прыехаў. Далейшыя сляды Міхаіла Мароза губляюцца[3].