Ураджэнец беларускага горада Ліда, у шасцігадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у Маскву, дзе пачаў займацца футболам у СДЮШАР-76. У 2010 годзе вярнуўся ў Беларусь, стаўшы іграком дубля барысаўскага БАТЭ. У ліпені 2012 года разам з Яўгенам Шыкаўкам быў аддадзены ў арэнду першалігаваму «Полацку»[2], а ў сакавіку 2013 года, па заканчэнні кантракта з БАТЭ, падпісаў трохгадовае пагадненне са «Слуцкам»[3].
У складзе «Слуцка» атрымаў перамогу ў Першай лізе ў сезоне 2013, аднак замацавацца ў складзе не здолеў. У сакавіку 2014 года абаронца быў аддадзены ў арэнду «Іслачы»[4], дзе стаў іграком асновы. У лютым 2015 года, разарваўшы кантракт са «Слуцкам»[5], стаў іграком «Іслачы» на трывалай аснове і дапамог клубу выйсці ў Вышэйшую лігу. У лютым 2016 года падоўжыў кантракт з «Іслаччу»[6]. У Вышэйшай лізе працягваў гуляць у асноўным складзе на пазіцыі левага (часам правага) абаронцы.
У студзені 2017 года пакінуў «Іслач»[7], аднак пасля няўдалага прагляду ў «Слуцку» вярнуўся ў каманду і ў сакавіку падпісаў новае пагадненне[8]. У жніўні 2017 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з «Іслаччу»[9] і неўзабаве стаў іграком «Ліды»[10]. Па заканчэнні сезона ў лістападзе 2017 года пакінуў лідскі клуб[11].
У сакавіку 2018 года далучыўся да латвійскага клуба «Валміера», аднак пазней вярнуўся ў Беларусь і стаў іграком «Чысці»[12]. У ліпені 2018 года перайшоў у славацкі клуб «Партызан» з Бардзеёва[13]. Пакінуў «Партызан» у студзені 2020 года[14].
У сакавіку 2020 года стаў іграком бабруйскай «Белшыны», а ў ліпені пакінуў клуб і перайшоў у «Крумкачы»[15], дзе стаў выхадзіць пераважна ў стартавым складзе. У студзені 2021 года падоўжыў кантракт са сталічным клубам[16]. У сезоне 2021 стаў радзей з’яўляцца на полі. Па заканчэнні сезона 2021 пакінуў «Крумкачы».