Музей ромскай культуры (чэшск.: Muzeum romské kultury) — музей, размешчаны ў чэшскім горадзе Брно, прысвечаны гісторыі і культуры ромаў (цыганоў).
Гісторыя
Музей быў заснаваны ў 1991 годзе як некамерцыйная арганізацыя прадстаўнікамі чэшска-цыганскай інтэлігенцыі[2] на чале з Янай Харватавай у перыяд свабоды, які рушыў услед за Аксамітнай рэвалюцыяй у Чэхаславакіі[3]. Пасля заснавання музей некалькі разоў мяняў месцазнаходжанне і змагаўся з фінансавымі праблемамі. У снежні 2000 года музей пераехаў на вуліцу Браціслаўскую ў Брно (вуліца Браціслаўская з’яўляецца цэнтрам цыганскай абшчыны горада).
У 2005 годзе музей перайшоў у вядзенне Міністэрства культуры Чэшскай Рэспублікі[cs]; з таго часу ён фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту[4]. 1 снежня 2005 года для публікі адкрылася першая пастаянная экспазіцыя (завершаная ў 2006 годзе), прысвечаная гісторыі цыганоў у 1939—2005 гадах; у 2011 годзе яна была пашырана да цяперашняга выгляду[5].
Збор і бібліятэка
Збор музея налічвае больш за 28 тысяч экспанатаў[4]. Пастаянная экспазіцыя, «Le Romengero drom», займае 6 залаў плошчай 351 м²[5]. Яна прысвечана гісторыі ромаў[2] — ад старажытнасці да сучаснасці, з акцэнтам на становішчы ў чэшскіх землях з XVIII стагоддзя да 1989 года[5].
У музеі знаходзіцца бібліятэка, у якой сабрана цыганская літаратура, збор якой налічвае каля 11 000 выданняў (галоўным чынам, кнігі і часопісы, а таксама кампакт-дыскі)[6].
Музей таксама праводзіць часовыя выставы, лекцыі, канцэрты, дэбаты, курсы цыганскай мовы, кінапаказы і паказы мод[2].
Крыніцы
Спасылкі