Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат (Мазырскі ДАК) — прадпрыемства ў МазырыГомельскай вобласці. Спецыялізуецца на выпуску піламатэрыялаў, паліўных брыкетаў, цеплаізаляцыйных пліт з драўнянага валакна БЕЛТЭРМА, а таксама продажы мэблі для жылых пакояў і офісаў у шырокім асартыменце. У наш час у склад Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната ўваходзяць Ельская мэблевая фабрыка і Ельскі леспрамгас[1].
Прадпрыемства абсталявана сучасным абсталяваннем лесапілавання, вытворчасці цеплаізаляцыйных пліт, вытворчасці брыкетаў нямецкага і італьянскага паходжання. Пастаўлены пяць сушыльных камер, што дазваляе рэалізоўваць сухі піламатэрыял. Вытворчасць цеплаізаляцыйных пліт ажыццяўляецца на нямецкім абсталяванні фірмы «Siempelkamp». Вытворчая магутнасць лініі вытворчасці цеплаізаляцыйных пліт складае 200 000 м³ у год, лінія лесапілавання — 24 000 м³ у год. Пастаўлены два прэсы па вытворчасці паліўных брыкетаў[1].
Гісторыя
Заснаваны ў 1915 годзе як лесапільны завод. У 1924 годзе лесапільны завод пераўтварыўся ў завод «Пралетарый». У той час завод быў абсталяваны чатырма лесапільнымі рамамі. Колькасць рабочых складала каля 400 чалавек. У даваенныя гады завод, абсталяваны новай тэхнікай, быў сучасным па тых часах прадпрыемствам і адыграў вялікую ролю ў станаўленні лесапільнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці ў Беларусі[1].
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсё тэхналагічнае абсталяванне было эвакуіравана ў распараджэнне трэста «Паўнзахлес», размешчанага ў горадзе Архангельску. У 1944 годзе на базе лесапільнага завода «Пралетарый» быў створаны Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, які прызначаўся для вытворчасці брусчатых драўляных дамоў, элементаў зборных шчытавых дамоў і для задавальнення патрэбаў у піламатэрыялах, паркеце і дахавай дошчачцы. У 1945−1949 гадах былі пабудаваны новы будынак лесацэха з сартавальнай пляцоўкай, будынак пажарнага дэпо, сталовая і транспарцёр да біржы сыравіны[1].
Загадам Мінляспапердраўпрама СССР № 542/3 ад 31 мая1949 года прадпрыемства змяніла профіль і пачалося развівацца як дрэваапрацоўчае, на прадпрыемстве вызначаўся масавы выпуск мэблі[1].
У 1954 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю раскройна-нарыхтоўчы цэх разам з сушыльнай гаспадаркай, у 1955 годзе — мэблевы цэх са складам гатовай прадукцыі, у 1958 годзе — новы лесапільны цэх[1].
У 1960 годзе на камбінаце была засвоена вытворчасць габляванага шпону, у 1962 годзе — сінтэтычных смолаў для клеяў, а ў лістападзе 1963 года быў здадзены ў эксплуатацыю першы ў БССР цэх па вытворчасці драўнянастружкавых пліт, абсталяваны айчынным абсталяваннем[1].
На базе Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната (ДАК) у студзені 1971 года было ўтворана аб’яднанне «Мазырдрэў». У склад аб’яднання ўвайшлі Ельская, Калінкавіцкая і Мазырская мэблевыя фабрыкі, а ў 1978 годзе — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы[1].
У 2008 г. ААТ «Мазырдрэў» было абвешчана банкрутам фінансавага стану з вымываннем абаротных сродкаў і павелічэннем закрэдытаванасці. 17 снежня2008 года загадам канцэрна «Белляспаперпрам» створана ААТ «Мазырскі ДАК»[1].