Паходзіў з інтэлігентнай польскай сям’і. З малых гадоў будучы кампазітар знаходзіўся ў атмасферы вялікай любові да музыкі. Ягоны бацька, Дамінік Рагоўскі быў скрыпач-аматар, добра граў на скрыпцы, а маці, Караліна Касакоўская, — на фартэпіяна. Яна нарадзілася ў шляхецкай сям’і, якая раней жыла на Віленшчыне. Вядома, што няня Л. Рагоўскага была беларускага паходжання і спявала яму народныя песні. Таленавітае дзіця, ужо ва ўзросце сямі гадоў ён добра ведаў нотную грамату і спрабаваў самастойна сачыняць музыку.
У 1909—1912 гг. працаваў у Вільні, дзе пачаў кіраваць сімфанічным аркестрам, весці заняткі ў школе арганістаў, супрацоўнічаць з беларускім тэатрам Ігната Буйніцкага, а таксама з газетай «Літоўскі кур’ер» у якасці музычнага крытыка і публіцыста.
У час побыту ў Вільні Людамір Рагоўскі захапіўся беларускім фальклорам, пасябраваў з нашаніўцаміЯнкам Купалам, Іванам Луцкевічам і Аляксандрам Уласавым. У 1910 годзе кампазітар паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Верш Купалы з нотамі Рагоўскага газета «Наша ніва» надрукавала асобнай лістоўкай (Вільня, 1910) на беларускай мове і лацінкай, а таксама быў надрукаваны ў «Беларускім календары» на 1910 год.
Творчасць Л. Рагоўскага цесна звязана з беларускай музычнай культурай: ён кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (выдадзены ў 1911), куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі беларускіх народных песень, які адыграў вялікую ролю ў прапагандзе беларускай нацыянальнай песні[3]. У Вільні была напісана першая частка сімфанічнай «Беларускай рапсодыі» для малога аркестра пад назвай «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі» (1912).
Музычная спадчына Л. Рагоўскага складае 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у т.л. «Купала» (паст. 1926, Варшава), шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.
Цікавыя факты
У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі за ўклад у развіццё беларускай музыкі «яму былі дадзены на ўспамін… ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда[4]». Дуду дарыў Ігнат Буйніцкі. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то ахвяраваў падораныя інструменты ў калекцыю Івана Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні. Пасля яго ліквідацыі дуда засталася ў фондзе аднаго з літоўскіх музеяў, пад нумарам LNM EM95. Вядомая як «Дуда Ігната Буйніцкага». Колавая ліра 1809 года, падораная Рагоўскаму падчас таго самага канцэрту, трапіла ў Беларусь і захоўвалася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе[5].
Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агульн.рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т.2. — С. 286.
Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2005. — Т. 2. — С. 414.
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — С. 446. — 742 с. — 9 500 экз.