У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Лясная апынулася ў складзе Аўстрыі, з 1809 года — у складзе Расійскай імперыі. На 1827 год у вёсцы было 17 будынкаў. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1864 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл паўлінаў пад праваслаўную царкву. 19 кастрычніка 1885 года Яўгенія Яфімаўская прыбыла ў Лясную разам з пяццю паслушніцамі і 2 дзяўчынкамі-сіротамі, першымі жыхаркамі манастырскага прытулку. Днём пазней урачыстым набажэнствам пачалася дзейнасць жаночай манаскай абшчыны. 26 жніўня 1889 рашэннем Свяшчэннага Сінода дадзеная манаская абшчына атрымала статус манастыра першага класа.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Лясную занялі войскі Германскай імперыі. Праваслаўная манаская абшчына пакінула гэта месца і ўжо больш сюды не вярнулася.