Ленінградскі кодэкс (Codex Leningradensis) — найстарэйшы поўны рукапісІўдзейскай Бібліі на іўрыце, у якім выкарыстоўваецца масарэцкі тэкст і тыберыйская вакалізацыя. Паводле калафона датаваны 1008 або 1009 годам[1]. Ёсць некалькі старэйшых кодэксаў за Ленінградскі, прыкладам, Кодэкс Алепа, аднак ён часткова страчаны з 1947. Такім чынам, Ленінградскі кодэкс найбольш поўны найстарэйшы рукапіс, што захаваўся да нашых дзён.
Паводле звестак з калафона, кодэкс быў спісаны ў Каіры[2] з рукапісаў Аарона бен Мозеса бен Ашэра. Унікальна, што стваральнік рукапісу напісаў і зычныя, і галосныя, і масарэцкія нататкі, што незвычайна для масарэцкіх кніг.
Ленінградскі кодэкс атрымаў назву паводле месца захоўвання ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург), куды ён трапіў у 1863. Аднак паколькі кодэкс стаў даследавацца толькі за савецкім часам, калі горад ужо быў перайменаваны ў Ленінград, таму з тых часоў і паходзіць яго назва. Часам, што праўда, сустракаюцца варыянты назвы Codex Petersburgensis, Petropolitanus або Санкт-Пецярбургскі кодэкс. Тым не менш, гэтых назваў варта пазбягаць дзеля адрознення ад кодэкса 916 года (MS. Heb B 3), які атрымаў такую назву ў 1876 годзе.