Герб ваяводства ў складзе Каралеўства Польскага меў наступны выгляд: «у чырвоным полі белы Анёл, які трымае ў правай руцэ аголены меч, апушчаны канцом дадолу, у левай — ножны, край якіх дакранаецца да мяча»[1].
У ВКЛ ваяводская харугва была зялёнага колеру і мела два рогі, на адным з якіх была выява Пагоні, на іншай — анёл і чорны мядзведзь[2].
Гісторыя
Утварылася ў 1471 на аснове колішняй Кіеўскай зямлі. Падзялялася на Асцёрскі, Жытомірскі, Кіеўскі, Любецкі, Мазырскі, Оўруцкі, Пуціўльскі, Чаркаскі і Чарнобыльскі паветы[3].
У 1649 годзе, паводле Збораўскай дамовы паміж Багданам Хмяльніцкім і каралём Янам Казімірам, частка ваяводства разам з Кіеўскім паветам вылучылася ў гетманскае кіраванне (скасаванае ў 1660 г.). Згодна з Андрусаўскім перамір’ем (1667 г.) у складзе ваяводства засталіся толькі правабярэжныя паветы, сам Кіеў, нягледзячы на ўмовы пагаднення (Рэч Паспалітая згадзілася перадаць Маскоўскай дзяржаве горад і яго ваколіцы ў радыусе 1 мілі толькі да 15 красавіка1669 г.[3]), маскоўскія захопнікі так і не вярнулі. У выніку сталіцу ваяводства перанеслі ў Жытомір[3].
У другой палове XVI — першай палове XVII стст. падзялялася на Жытомірскі, Кіеўскі і Оўруцкі паветы, якія аб’ядноўвалі Белацаркоўскае, Багуслаўскае, Канеўскае, Корсунскае, Раманаўскае, Чаркаскае і Чыгірынскае староствы.