На фоне распаду Югаславіі 22 верасня 1991 года было абвешчана стварэнне незалежнай Рэспублікі Косава, а затым праведзены несанкцыянаваныя (сярод албанскай абшчыны) рэферэндум аб незалежнасці і прэзідэнцкія выбары[3].
Пачалося стварэнне ўзброеных фарміраванняў сепаратыстаў, якія ў 1996 годзе былі аб’яднаны ў Армію вызвалення Косава. У краі разгарнулася партызанская вайна, ахвярамі якой сталі сотні мірных жыхароў, чыноўнікаў і ваенных Югаславіі. Першапачаткова барацьбу з паўстанцамі вялі толькі міліцэйскія падраздзяленні, але ў 1998 годзе ў ваенныя дзеянні ўступіла армія.
Актыўная фаза баявых дзеянняў пачалася ў лютым 1998 года. Першы буйны інцыдэнт, які паклаў пачатак далейшай эскалацыі гвалту, адбыўся 28 лютага 1998 года ў сяле Лікашане. У той дзень албанскія баевікі арганізавалі напад на мясцовых сілавікоў. У адказ 5 сакавіка ў сяле Доньі-Прэказ была праведзена буйная аперацыя сербскай паліцыі. На працягу 1998—пачатку 1999 сутыкненні (пераважна гэта ўзброеныя напады албанскіх партызан) адбываліся не на ўсёй тэрыторыі Косава, каля траціны з 30 абшчын Косава не былі закрануты актыўнай дзейнасцю АВК, і абстаноўка ў гэтых раёнах была адносна спакойнай[4].
У сакавіку 1999 года ў ваенныя дзеянні ўмяшаліся краіны НАТА, разгарнуўшы масіраваныя бамбардзіроўкі югаслаўскіх гарадоў і ваенных аб’ектаў. У выніку сербскі ўрад быў вымушаны пагадзіцца на ўвод у край ваеннага кантынгенту KFOR і пераход яго пад кіраванне ААН.
Наступствы
Пад кіраваннем ААН мясцовыя албанцы змаглі дамагчыся стварэння ўласнай дзяржавы на гэтай тэрыторыі, што ішло ў разрэз з інтарэсамі сербаў, якія не хацелі аддзялення. 17 лютага 2008 года адбылося другое абвяшчэнне незалежнасці Косава.
Сербскае насельніцтва было абурана гэтым, а таму зладзіла масавыя беспарадкі. 14 сакавіка сербы захапілі будынак суда ААН у Мітравіцы, пасля чаго ў сітуацыю ўмяшаліся сілы НАТА[5].
Паводле звестак сербскіх уладаў, падчас канфлікту загінулі 659 вайскоўцаў арміі і 349 супрацоўнікаў паліцыі[7][8].
У «Кнізе памяці Косава», апублікаванай у 2014 годзе, прыведзены імёны ўсіх загінулых і зніклых без вестак у рэгіёне са студзеня 1998 па снежань 2000 (як камбатантаў, так і цывільных асоб). Усяго ў спісе лічыцца 13 517 загінулых, з якіх: албанцаў — 10 415, сербаў — 2197, баснякоў, рома і іншых — 528. З гэтай колькасці ўсіх загінулых або зніклых без вестак мірных жыхароў было: 8661 косаўскі албанец, 1797 сербаў, 447 ромаў, баснякоў і іншых[9][10].
Крыніцы
↑ВОЙНА Добровольцы в Косово(нявызн.). Андрей Мартынов журнал «Солдат удачи» № 12 / 1999 г.. Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2012. Праверана 27 лютага 2010.