Ко́рмчыя кні́гі (ад ст.-слав: кръмьчии — стырнавы, рулявы) — зборнікі царкоўных і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўднёва- і ўсходнеславянскіх краін.
Аб’ядноўвалі царкоўныя правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканадаўчых зборнікаў.
Гісторыя і рэдакцыі
Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэчаскай мовы, зроблены ў Балгарыі ў пачатку 10 ст.
На Русь трапіла ў 11 ст. Найбольш ранні яе спіс — наўгародская Яфрэмаўская кормчая пачатку 12 ст.
Гістарыяграфічныя матэрыялы Кормчай кнігі выкарыстоўваліся пры напісанні рускіх летапісаў, некаторыя іх палажэнні ўключаны ў мясцовыя помнікі царкоўнага права.
У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя Кормчай кнігі, перакладзеная ў Сербіі ў 1-й палавіне 13 ст. на стараславянскую мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі.
Яна змяшчала і новыя заканадаўчыя палажэнні. У 15—16 ст. найбольшае пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т.л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634.
З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816.
У 1260—1270-я гады на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя Кормчай кнігі на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясцовых тэкстаў («Закон судны людзям», іншыя юрыдычныя помнікі, манаскія статуты і правілы, гістарычныя і біяграфічныя творы і іншае).
Кормчыя кнігі Рускай рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі.
Спісаў Сербскай рэдакцыі Кормчай кнігі на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рускай рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.
Літаратура