Пра яго жыццё да 1434 г. нічога не вядома. У 1434 г. ён увайшоў у гільдыю мастакоў Базеля. У 1435 г. стаў грамадзянінам гэтага горада. Магчыма, Віц альбо вучыўся ў нідэрландскіх майстроў, альбо здзейсніў падарожжа ў Нідэрланды, бо ў яго творах прасочваецца ўплыў мастакоў гэтай краіны. Вельмі верагодныя таксама кантакты з бургундскай скульптурнай школай, у тым ліку знаёмства з творчасцю Клаўса Слютэра. Самыя значныя творы Віца — алтарны вобраз «Люстэрка адкуплення чалавецтва», выкананы для Базельскага Аўгусцінскага кляштара і алтар жэнеўскага сабора Святога Пятра.
Творы Віца прадстаўлены ў музеях Базеля, Жэневы, Неапалю, Дыжона, Нюрнберга, Гента, Берліна, Нью-Ёрка.