У 1918 годзе на бакавых фасадах замест пілястраў прыбудаваны новыя контрфорсы, якія паўтараюць форму прэсбітэрыяльных. У 1928 годзе дахоўку замянілі на бляшаны дах.
Архітэктура
Касцёл пабудаваны з цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Першапачатковая форма франтонаў неўстаноўлена. Цяпер кожны неф мае самастойнае крыццё даху. Спачатку помнік, відаць, быў накрыты стромкім гатычным двухсхільным дахам. Па тэктанічнай схеме гэта блізкая да квадрата ў плане пабудова, падзеленая ў інтэр’еры 4 апорнымі слупамі на 3 нефы. Галоўны неф вышэйшы за бакавыя. Па памерах яму адпавядае прэсбітэрый, які яго прасторава прадаўжае. Алтарная частка заканчваецца поліганальнай апсідай. 3 паўночнага боку да вімы прымыкае 2-павярховая сакрыстыя. Вокны бакавых фасадаў і прэсбітэрыя завяршаюцца паўцыркульнай перамычкай. Аўтэнтычная сакрыстыя была, напэўна, меншых памераў. Яе ўсходняя частка прыбудавана пазней. Цяпер па сваёй архітэктоніцы храм уяўляе сабой псеўдабазіліку, хаця першапачаткова планаваўся і быў пабудаваны як зальная пабудова. Інтэр’еры перакрыты плоскай драўлянай столлю на бэльках. Спачатку контрфорсы падзялялі на асобныя праслы не толькі бакавыя фасады, але і галоўны. Фасады былі прарэзаны вокнамі спічастай формы. Адметнасць трактоўцы галоўнага фасада надае дэкор контрфорсаў у выглядзе складаных ромбападобных кампазіцый.