Каменьскі бой

Каменьскі бой
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна
Дата 14 мая 1944
Месца вёска Камень
Прычына імкненне савецкіх партызан ліквідаваць апорны пункт Арміі Краёвай ў вёсцы Камень
Вынік перамога палякаў
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік партызаны Польшча гарнізон Арміі Краёвай
Камандуючыя
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік П. І. Гулевіч
маёр Шастакоў
Польшча Адольф Пільх
Юзэф Зуеўскі †
Сілы бакоў
каля 700-800 чалавек каля 120 чалавек
Страты
каля 80 забітых і параненых 21 забіты,
16-23 параненых

Каменьскі бой — бой паміж 1-й ротай 78-га Слуцкага стралковага палка Арміі Краёвай і дзвюма брыгадамі савецкіх партызан, які адбыўся неўзабаве пасля поўначы 14 мая 1944 года[~ 1] ў вёсцы Камень, на ўскраіне Налібоцкай пушчы.

Нечаканая і добра падрыхтаваная атака нанесла вялікія страты польскаму гарнізону. Нягледзячы на нечаканасць і перавагу праціўніка, салдаты Арміі Краёвай аказалі супраціўленне і здолелі пратрымацца да прыбыцця дапамогі

Перадумовы

Пасля завяршэння польскай абарончай вайны Стаўбцоўскі павет разам з астатнімі памежнымі тэрыторыямі апынуўся пад уладай Савецкага Саюза[5]. У той жа час шырокая Налібоцкая пушча стала прытулкам для чырвонаармейцаў, якім удалося пазбегнуць нямецкага палону, і для яўрэяў, якія ўцяклі з бліжэйшых гета[6]. Гэтыя рыхлыя групы пад кіраўніцтвам савецкіх афіцэраў і камісараў пачалі пераўтварацца ў рэгулярныя партызанскія атрады[6].

На мяжы 1941/42 гадоў у былым Стаўбцоўскім павеце былі створаны першыя структуры Арміі Краёвай[7]. У адпаведнасці з указаннямі штаба Арміі Краёвай польскае падполле не прадпрынімала сур'ёзных ваенных дзеянняў. Толькі 3 чэрвеня 1943 года на базе Стаўбцоўскага цэнтра Навагрудскай акругі Арміі Краёвай быў арганізаваны Польскі партызанскі атрад[8], які пачаў сваю дзейнасць атакай на Івянец (19 чэрвеня 1943 г.)[9]. Нягледзячы на вялікія страты, панесенныя падчас нямецкай карнай аперацыі ў Налібоцкай пушчы, да канца лістапада 1943 атрад Арміі Краёвай дасягнуў колькасці асабовага складу, эквівалентнага батальёну[10].

Першапачаткова, адносіны паміж польскімі і савецкімі партызанамі былі добрымі[11]. Але пасля разрыва дыпламатычных адносін СССР з польскім урадам у выгнанні і аслабленнем пазіцый Польшчы ў шэрагах антыгітлетаўскай кааліцыі, яны хутка пагоршыліся[12]. 1 снежня 1943 года было выкрадзена камандаванне польскага батальёна, якое пасля запрашэння палкоўніка Р. А. Сідарка (псеўданім «Дубаў») накіравалася ў штаб Івянецкага партызанскага злучэння для ўдзелу ў ваенным савеце. У той жа час савецкія партызанскія брыгады пачалі раззбройваць і ліквідаваць падраздзяленні без афіцэраў[13]. Некалькі дзясяткаў польскіх салдат былі расстраляныя падчас раззбраення, або забітыя ў палоне[14][15]. Пяцёра выкрадзеных афіцэраў былі дастаўлены па паветры на другі бок фронту[16]. Астатніх палонных групамі па 3-4 чалавекі перадавалі ў асобныя савецкія партызанскія атрады дзе падвяргалі строгаму нагляду[17]. З чатырохсот чалавек батальёна на свабодзе застаўся толькі прыблізна батальён коннай разведкі з шасцідзесяці чалавек, пад камандаваннем прапаршчыка Здзіслава Нуркевіча (псеўданім «Ноч»)[~ 2]. Пазбег палону і намеснік камандзіра батальёна падпаручык Адольф Пільх (псеўданім «Гура»), які прыняў камандаванне ацалелымі салдатамі[19].

Нягледзячы на велізарную дыспрапорцыю сіл і перспектыву ваявваць на два фронты, салдаты Арміі Краёвай вырашылі застацца ў Налібоцкай пушчы, спадзяючыся выратаваць сваіх выкрадзеных калег і забяспечыць абарону мясцовага польскага насельніцтва[20]. Спачатку, польскі атрад паспяхова супрацьстаяў савецкаму пераследу. Кавалерыстам нават удалося захапіць палонных і здабыць зброю[21]. Аднак неўзабаве становішча экадрону стала крытычным. Салдаты былі знясілены пастаяннымі ўцёкамі і амаль штодзёнымі сутычкамі, вычарпаліся запасы боепрыпасаў, а шматтысячная савецкая групоўка паслядоўна выцясняла палякаў у раёны падкантрольныя немцам[22][23]. У гэтых абставінах «Гура» вырашыў звярнуцца да камандавання нямецкай жандармерыі ў Івянцы з прапановай заключыць часовае перамір'е. Па вуснай дамове, заключанай 9 снежня 1943 года, абодва бакі абавязаліся захоўваць узаемны нейтралітэт. Больш за тое, немцы пагадзіліся перадаць пад кантроль Арміі Краёвай невялікую тэрыторыю, размешчаную прыблізна ў 4 км ад Івянца, перадалі палякам некалькі тысяч патронаў і абяцалі перадаваць новыя партыі боепрыпсаў і зброі ў абмен на харчовыя пастаўкі[24]. Заключэнне пагаднення з немцамі выклікала шматлікія спрэчкі, але дазволіла палякам аднавіць сілы атрада[25]. Даведаўшыся, што «Гура» працягвае баі, за некалькі месяцаў з савецкіх партызанскіх брыгад збеглі ад 75[26] да 150[27]. Таксама ў атрад пастаянна прыбывалі новыя добраахвотнікі. Калі ў сярэдзіне студзеня 1944 г. пад камандаваннем «Гуры» было 106 байцоў[28], то на пачатак лютага іх было 157[29], а ў красавіку колькасць полькіх партызан павялічылася да 446[28]. Неўзабаве падраздзяленне «Гуры» было пераўтворана ў Стаўбцоўскае злучэнне Арміі Краёвай. У яе склад уваходзілі пяхотны батальён, кавалерыйскі эскадрон, атрад кулямётчыкаў і разгалінаваныя тылы[19].

Тым часам у Налібоцкай пушчы пачалася рэгулярная польска-савецкая партызанская вайна, якая хутка ахапіла ўсю Навагрудчыну[30]. Атрады «Дубава» спрабавалі знішчыць Стаўбцоўскае злучэнне і ў той жа час тэрарызавалі польскае насельніцтва. Былі забіты сем'і польскіх партызан, і людзі, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з Арміяй Краёвай[31]. З-за відавочнай дыспрапорцыі сіл і дакладных загадаў камандавання Навагрудскай акругі, група «Гуры» заняла ў гэтым канфлікце цалкам абарончую пазіцыю, засяродзіўшыся на самаабароне, захаванні сваёй прысутнасці ў полі і абароне польскага насельніцтва ад савецкіх партызан[32]. У далейшым па магчымасці супраць савецкіх партызан арганізоўваліся засады, або арганізоўваліся рэйды на тэрыторыю праціўніка[30]. У залежнасці ад крыніц, маяркуецца што да канца чэрвеня 1944 года салдаты «Гуры» правялі 104[33], больш за 120[30], ці нават больш за 160[34] сутычак з савецкімі партызанамі.

Начны бой у Камені

Элементам тактыкі Стаўпцоўскага злучэння ў барацьбе з савецкімі партызанамі было стварэнне ўмацаваных пунктаў супраціву, якія забяспечвалі апору і былі базай для нападаў для атрадаў Арміі Краёвай і адначасова забяспечвалі абарону цывільнага польскага насельніцтва. Такія «апорныя пункты» былі арганізаваны ў вёсках Старынкі, Гілікі, Кігеры, Янаўшчына, Шыкуці, Замасцяны[30] (у першых двух размяшчаліся асноўныя сілы групоўкі)[2]. Польскія гарнізоны эфектыўна перашкаджалі савецкім атрадам з Налібоцкай пушчы пранікаць ва ўсходнюю частку Стаўбцоўскага і Валожынскага паветаў[2].

У красавіку 1944 года камандаванне польскай групоўкі прыняло рашэнне пашырыць падкантрольную тэрыторыю і ўключыць у яе дадатковыя раёны на поўдзень ад Івянца. З гэтай мэтай быў арганізаваны пункт супраціву ў вёсцы Камень, што знаходзілася ўсяго ў 5 км ад ускраіны Налібоцкай пушчы[2]. Тут была разгорнута 1-я рота I/78-га Слуцкага стралковага палка АК пры падтрымцы ўзвода буйнакаліберных кулямётаў[~ 3] і партызанскага жандарскага паста[35]. Гарнізон Каменя налічваў каля 120 салдат, узброеных 2 кулямётамі, 7 ручнымі кулямётамі, пісталетамі-кулямётамі і вінтоўкамі[2][36]. Пяхота кватаравала ў плябаніі касцёла Святых Пятра і Паўла, каля двухмятровай агароджы якога былі пабудаваны чатыры імправізаваных бункеры[2].

Камандаванне на сябе прыняў на сябе плутонавы Юзэф Зуеўскі (псеўданім «Мак»), які адначасова выконваў абавязкі камандзіра 1-й роты. Абапіраючыся на толькі што створаны пункт супраціву, ён патруляваў шырокую паласу зямлі, арганізуючы шматлікія рэйды і засады супраць савецкіх партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ва ўсходняй частцы Налібоцкай пушчы[2][3][4]. Верагодна, дзейнасць «Мака» настолькі паўплывала на Івянецкае паартызанскае злучэнне, што палкоўнік «Дубаў» вырашыў любой цаной ліквідаваць Каменьскі гарнізон[2][4].

Для ўдзелу ў наступленні была вызначана партызанская брыгада імя І. В. Сталіна, якой камандаваў палкоўнік П. І. Гулевіч і атрад маёра Шастакова з брыгады асобага прызначэння НКДБ СССР[37]. Усяго яны налічвалі 700-800 партызан, узброеных гарматай, мінамётам, 29 ручными кулямётамі і некалькімі сотнямі пісталетаў-кулямётаў і вінтовак [38]. Некаторыя польскія крыніцы ацэньваюць колькасць нападаючых у адну[39] ці дзве тысячы[2]. Атака рыхтавалася вельмі старанна і ёй папярэднічала дбайная разведка польскіх пазіцый[4].

Напад адбыўся пасля поўначы 14 мая 1944 года. Савецкія партызаны падышлі да вёскі не з боку Налібоцкай пушчы, як разлічвалі абаронцы, а з боку Івянца. Нападаючым удалося незаўважна ліквідаваць ахову, складзеную з цывільных палякаў, і праз равы дабрацца да касцёла[38]. Толькі Ян Заянчкоўскі з Баранавіцкай інспекцыі падчас начнога абыходу ахоўнікаў і трывожных пастоў заўважыў савецкіх партызан, якія пералазілі праз агароджу касцёла. Калі Заянчкоўскі зрабіў папераджальны стрэл са свайго пісталета, партызаны абстралялі польскія кавтэры моцным кулямётным агнём, а затым пачалі франтальную атаку[3][4]. На першым этапе бою стральба з савецкага боку выклікала значныя страты сярод салдат арміі Краёвай[2]. Нягледзячы на нечаканасць і значную перавагу праціўніка, палякі не панікавалі і, здолеўшы заняць частку абарончых пазіцый, аказалі жорсткае супраціўленне нападаючым. Жорсткая бойка працягвалася не меньш за дзве гадзіны[38]. Савецкім партызанам нават удалося пранікнуць на касцёльны двор, дзе нават пачалася штыкавая сутычка. Яны таксама захапілі тры польскія бункеры, ацалелы чацвёрты абаранялі: Ян Заянчкоўскі, Браніслаў Макасей, Чэслаў Дзудзевіч, Казімір і Эдвард Лобачы[3][4].

У рэшце рэшт абаронцам удалося папярэдзіць асноўныя сілы Стаўбцоўскага злучэння, якія стаялі ў некалькіх кіламетрах ад вёскі. Даведаўшыся пра набліжэнне польскай дапамогі на чале з «Гурай», савецкія партызаны спынілі атаку і адышлі ў Налібоцкую пушчу[3][38][40]

Вынікі

Дзякуючы высокай баяздольнасці абаронцы Каменя здолелі вытрымаць атаку савецкіх партызан[38], аднак гэты поспех быў дасягнуты цаной сур'ёзных страт. У начным сутыкненні загінуў 21 польскі жаўнер і 23 былі паранены, у тым ліку 8 цяжка[40] (некаторыя крыніцы прыводзяць крыху іншыя лічбы)[~ 4]. Сярод загінуўшых быў і камандзір польскага гарнізона плутонавы Юзэф Зуеўскі «Мак». Загінулі таксама не меньш за 20 жыхароў Каменя, а сама вёска была часткова спалена. Акрамя таго быў знішчаны старажытны касцёл Святых Пятра і Паўла[~ 5][40]. Савецкія страты польскае камандаванне ацаніла ў прыблізна 80 забітых і параненых[35][40].

У савецкіх справаздачах атака на Камень падавалася як вялікі поспех. Коштам усяго 5-6 забітых і паўтара дзясятка параненых савецкія партызаны павінны былі знішчыць 71 «легіянера», яшчэ 23 параніць і ўзяць семярых у палон (з якіх шасцярых расстралялі на месцы). Таксама паступалі паведамленні аб захопе харчовага склада і вялікай колькасці зброі і боепрыпасаў[41].

Польскае камандаванне, вывучаючы акалічнасці сутыкнення, вызначыла, што праціўніку ўдалося дасягнуць эфекту нечакансці між іншым з-за таго, плутонавы «Мак» праігнараваў атрыманую напярэдадні інфармацыю аб набліжэнні савецкіх партызан. Няўдалай была і спроба даручыць ахову грамадзянскім асобам[2][40].

Атака на польскі гарнізон у Камені стала апошняй буйной наступальнай акцыяй партызан Івянецкага партызанскага злучэння супраць Стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай[39].

Салдаты Арміі Краёвай, якія загінулі ў Камені, былі пахааны на мясцовых могілках, 15 з іх были пахаваны ў брацкай магіле, а астатнія 6 были пахаваны сем'ямі ў асобных магілах. У сувязі з тым, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Камень апынуўся на тэрыторыі СССР (цяпер у Рэспубліцы Беларусь), ушанаванне памяці загінуўшых доўгі час было немагчымым. Толькі ў маі 1995 года намаганнямі групы ветэранаў Стаўбцоўскага злучэння на брацкай магіле быў усталяваны помнік-надмагілле[2].

Заўвагі

  1. Гэта дата прысутнічае ў справаздачы лейтэнанта «Гуры» ад 14 мая 1944 для камандавання Абводу Навагрудак АК, так і ў дэпешы Р. А. Сідарка намесніку БШПР Івану Ганенка ад 18 мая 1944[1][2]. Але ў некаторых крыніцах можна знайсці інфармацыю, што савецкі напад на Камень адбыўся ноччу 14/15 мая[3][4][2]
  2. Раззбраення таксама пазбегла група партызан з дваццаці чалавек з вобласці Маладзечна, якая размяшчалася паблізу ад галоўнага лагера стаўбцоўскага батальёна. Маладзечанцы, да якіх далучыўся плутонавы «Гура», здолелі злучыцца з эскадронам харунжага Нуркевіча. Аднак 4 снежня яны вырашылі пакінуць пагражаемую тэрыторыю і перайсці на Віленшчыну. Гл.:[18]
  3. Узводам камандаваў Юзэф гарбут (псеўданім «Шчыт» Гл.:[4]
  4. Так, польскія страты могуць ацэньвацца ў 16-17 забітых і зніклых без вестак[36]; 21 забіты і 21 паранены[3]; 21 забіты і памерлы ад ран і 16 больш лёгка параненых[2]
  5. Касцёл быў адбудаваны ў 90-ых гадах XX стагоддзя. Гл.:[2]

Крыніцы

  1. Boradyn 2013, s. 298.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о Krajewski.
  3. а б в г д е Pilch 2013, s. 167.
  4. а б в г д е ё Podgóreczny, a 2010, s. 112.
  5. Podgóreczny, a 2010, s. 9-13.
  6. а б Boradyn 2013, s. 56–59.
  7. Podgóreczny, a 2010, s. 16–17.
  8. Podgóreczny, a 2010, s. 25.
  9. Podgóreczny, a 2010, s. 29–36.
  10. Pilch 2013, s. 110–115.
  11. Podgóreczny, a 2010, s. 40–41, 63–65.
  12. Boradyn 2013, s. 219–220.
  13. Boradyn 2013, s. 150, 153–156.
  14. Podgóreczny, a 2010, s. 82, 101.
  15. Boradyn 2013, s. 155, 164.
  16. Boradyn 2013, s. 160.
  17. Podgóreczny, a 2010, s. 100–101.
  18. Podgóreczny, a 2010, s. 83–86, 93.
  19. а б Podgóreczny, a 2010, s. 79–83, 92.
  20. Podgóreczny, a 2010, s. 93.
  21. Boradyn 2013, s. 160–161.
  22. Podgóreczny, a 2010, s. 96.
  23. Boradyn 2013, s. 164–165.
  24. Podgóreczny, a 2010, s. 97–98.
  25. Boradyn 2013, s. 165–167.
  26. Boradyn 2013, s. 164.
  27. Podgóreczny, a 2010, s. 101.
  28. а б Podgóreczny, a 2010, s. 109.
  29. Boradyn 2013, s. 165.
  30. а б в г Boradyn 2013, s. 175.
  31. Boradyn 2013, s. 190–193.
  32. Podgóreczny, a 2010, s. 108–109.
  33. Podgóreczny, b 2010, s. 73.
  34. Kołosowski, Grzybowski, s. 3.
  35. а б Boradyn 2013, s. 256.
  36. а б Boradyn 2013, s. 178, 256.
  37. Boradyn 2013, s. 178, 255.
  38. а б в г д Boradyn 2013, s. 178.
  39. а б Podgóreczny, a 2010, s. 111.
  40. а б в г д Podgóreczny, a 2010, s. 113.
  41. Boradyn 2013, s. 256, 298.

Літаратура