Першае пісьмовае згадванне аб паселішчы, дзе мінскаму купцу Церашковічу дазвалялася весці «гандаль вадой і сушай» без дадатковых падаткаў і збораў, змешчана ў адпаведнай грамаце вялікага князяКазіміра і датуецца 1480 г. З 1545 г. мястэчка знаходзілася ва ўласнасці каралевы Боны Сфорцы. У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 г. паселішча увайшло ў склад Пінскага паветуБерасцейскага ваяводства. У XVI ст. яно перайшло да князёў Збаражскіх, пазней — да Нелюбовічаў. У 1561—1566 гг. тут было 6 дымоў і 20 будынкаў.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паселішча ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і адносілася да Пінскага паветаМінскай губерні. У 1802 г. расійскі цар падараваў мястэчка генералу Мікалаю Рэпніну-Валконскаму, які неўзабаве прадаў яго. У 1819 г. уласнік мястэчка Філацьеў звярнуўся ў суд з мэтай спагнаць з тутэйшых мяшчанаў (28 двароў) грошы за карыстанне зямлёй. У адпаведнасці з судовым выракам, у 1821 г. мясцовых жыхароў прымусова перасялілі ў Пінск (19 чалавек), Нобель (17 чал.), Гарадную (25 чал.) і Лагішын (15 чал.), а ўсю рухомую маёмасць, якая ім належала, прадалі. Аднак неўзабаве яны вярнуліся ў мястэчка. На 1859 г. у мястэчку налічвалася 40 двароў, а паводле перапісу 1897 г. — ужо 108 двароў, царква, сінагога, некалькі млыноў і вінакурня.