Жанчы́на, таксама кабéта — чалавечая істота, якая валодае марфалагічнымі, функцыянальнымі і іншымі прыкметамі, якія вызначаюць жаночы пол: жаночы набор палавых храмасом (XX), рост, маса цела, асаблівасці целаскладу, будовы палавых органаў, інтэнсіўнасць абмену рэчываў, колькасць формавых элементаў крыві, гарманальны і біяхімічны статус і г.д., а таксама ўласцівыя жаночаму полу псіхалагічныя асаблівасці: пяшчота, дружалюбнасць, какетлівасць, высокая эмацыянальнасць і інш. У перыяд палавой спеласці - здольнасць цяжарыць, нараджаць і ўскормліваць дзіця.
Традыцыйна для абазначэння жаночага полу выкарыстоўваюць знак Венеры. З пачатку XX стагоддзя ў еўрапейскіх культурах распаўсюдзіўся звычай лічыць чырвоны і ружовы колерамі дзяўчат.
Доўгі час у заходняй культуры існавала няроўнасць у правах мужчыны і жанчыны, збольшага гэта было звязана з асаблівасцямі рэлігійных звычаяў (напрыклад, да нядаўняга часу ў хрысціянстве жанчыны не ўваходзілі ў клір). У цяперашні час калі ў многіх заходніх краінах, пераважна ў краінах Еўропы, а таксама ў ЗША, назіраецца тэндэнцыя раўнавання ў правах жанчыны і мужчыны. Змены, якія адбыліся ў дачыненні да жанчыны ў 20 стагоддзі на Захадзе, найбольш яскрава характарызуюцца такімі працэсамі, як сексуальная рэвалюцыя і актывізацыя фемінізму (гістарычна склалася агульная назва для розных палітычных і грамадскіх рухаў, дзейнасць якіх накіравана на барацьбу з сексізмам).
Дзякуючы эмансіпацыі жанчын, штуршком да якой стаў жаночы рух у Заходняй Еўропе, традыцыйная патрыярхальная структура грамадства была пастаўлена пад сумнёў. Сёння жанчыны могуць вольна выбіраць будучую прафесію і карыстаюцца ў большасці краін такімі ж юрыдычнымі правамі, як і мужчыны.