Дыяна Версальская ці Дыяна-паляўнічая — мармуровая статуя I ці II стст. да н. э., якая капіруе твор раннеэліністычнага скульптара, магчыма, Леахара (каля 325 г. да н. э.).
Артэміда апранута ў дарыйскі хітон і гіматый. Правай рукой яна рыхтуецца выняць з калчана стралу, левая на галаве аленяня, якое суправаджае яе. Галава павернутая направа, у бок верагоднай здабычы. Скульптуры такога тыпу вядомыя археолагам па раскопках у Лептыс-Магне і Антальі.
Статуя была падорана Папай Паўлам IV каралю Генрыху II з намёкам на яго мэтрэсу, Дыяну дэ Пуацье, і ўстаноўлена каралём у садзе Фантэнбло. Генрых IV загадаў перавезці статую ў «галерэю старажытнасцяў» Луўра; у Фантэнбло яе замяніла маньерысцкая копія. Яшчэ адну копію Людовік XIII адправіў англійскаму каралю ў Віндзорскі замак.
Людовік XIV перанёс «Дыяну» — як лепшы твор антычнай скульптуры ў Францыі — у новапабудаваны Версальскі палац. Прыдворны разьбяр Гіём Кусту зрабіў з яе копію для палаца Марлі. У 1798 годзе скульптура вярнулася ў Луўр, дзе і знаходзіцца дагэтуль.
Літаратура
- Maxime Collignon, Manual of Mythology, in Relation to Greek Art, H. Grevel & Co., 1890. Page 94.
- Francis Haskell and Nicholas Penny, 1981. Taste and the Antique: The Lure of Classical Sculpture 1500—1900 (Yale University Press) Cat. no. 30.
- Martin Robertson, 1975. A History of Greek Art (Cambridge University Press) vol. I, pp 460-61
Спасылкі