Прафесійную кар’еру пачаў у 1992 годзе ў мінскім«Тарпеда». У гэтым жа годзе перайшоў у КПФ, у якім правёў 80 матчаў і забіў 27 галоў. У час знаходжання ў слонімскім клубе быў аддадзены ў 1994 годзе ў арэнду ў лідскі «Абутнік». У 1996 годзе вярнуўся ў «Тарпеда». У наступным годзе апынуўся ў складзе бабруйскай «Белшыны», з якой у першым жа для сябе сезоне ў клубе заваяваў нацыянальны кубак (у фінале забіў гол у браму «Дынама-93» і ўсталяваў канчатковы лік 2:0). 1999 год правёў у тульскім «Арсенале». Праз год вярнуўся ў «Белшыну» і зноў дапамог клубу стаць уладальнікам Кубка Беларусі, а таксама стаць чэмпіёнам. У далейшым таксама выступаў за салігорскі «Шахцёр», светлагорскі «Хімік», «Баранавічы», рагачоўскі «Дняпро-ДЮСШ-1» і «Асіповічы», дзе пасля трохгадовага перапынку завяршыў прафесійную кар’еру.