Даўгоўдавічы — княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім. Заснавальнік роду Даўгоўд не вядомы ў гістарычных крыніцах. Мяркуецца, што ён быў у сваяцкіх адносінах з вялікім князем літоўскім Гедзімінам, або паходзіў з папярэдняй велікакняжацкай дынастыі. Вядомы:
- Юрый Даўгоўдавіч (?—пасля 1401), у 1401 годзе прынёс прысягу, што пасля смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта не будзе не будзе мець іншага пана, толькі караля польскага Уладзіслава ІІ (Ягайлу).
- Глеб Даўгоўдавіч (?—пасля 1450), сын Юрыя Даўгоўдавіча (?). Быў сведкам пры заключэнні дагавора з крыжакамі 1436. Падпісаў як сведка пацвярджальны прывілей Вільні 1441. Каля 1450 атрымаў у валоданне ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча людзей.
- Федзька Даўгоўдавіч (?—да 1451), сын Юрыя Даўгоўдавіча (?). У сярэдзіне 15 ст. валодаў маёнткамі на мяжы Слонімскага і Новагародскага паветаў: Ельна, Жалязніца, Крутава, а таксама лукомскімі сёламі Халопенічы, Астапкавічы, Ілітовічы. Федзька памёр без нашчадкаў, пасля чаго гэтыя маёнткі перайшлі да вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, а той у 1451 перадаў іх у валоданне канцлеру вялікаму літоўскаму Міхаілу Кезгайлу (захаваўся арыгінал гэтай граматы, не апублікаваны). Гісторык Г. Брэгер мяркуе, што Федзька Даўгоўдавіч можа быць ідэнтычны князю Глебу Даўгоўдавічу.
З сярэдзіны 15 ст. звесткі пра род Даўгоўдавічаў знікаюць; відаць, род згас.
Літаратура
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;
- Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мн., 2001.
Спасылкі
- Даўгоўдавічы на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»