Гістарычныя песні — жанр народнай паэтычнай творчасці: песні, у якіх адлюстраваны рэальныя гістарычныя падзеі, асобы, звязаныя з канкрэтнымі мясцінамі, абставінамі, часам. У фальклоры розных народаў жанр гістарычнай песні займае неаднолькавае месца.
Беларуская гістарычная песня
У багатай вуснапаэтычнай спадчыне беларусаў уласна гістарычных песень няшмат. Гэта тлумачыцца, верагодна, дзеяннем старажытнай і вельмі моцнай традыцыі падаваць усе праявы жыцця ў цыклічнай замкнутасці: прыродныя — па порах года, чалавечыя — па этапах жыцця, суаднесенага з касмічным кругаваротам. Існаванне найбагацейшага каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага фальклору сведчыць пра перавагу цыклічных уяўленняў над храналагічным бачаннем гістарычнага працэсу. Не садзейнічалі захаванню і ўзбагачэнню жанру гістарычнай песні неспрыяльныя ўмовы нацыянальна-дзяржаўнага развіцця беларусаў. Адсутнічае фальклорнае адлюстраванне шматлікіх гераічных, трагічных падзей летапіснага перыяду, часоў змагання з крыжацкімі наездамі, барацьбы з агрэсіяй Маскоўскага княства і інш. Захаваліся адзінкавыя творы пра дакладна гістарычныя падзеі на Беларусі: перамогу 8 верасня 1514 г. пад Оршай войска ВКЛ на чале з князем Канстанцінам Астрожскім («Ой, у нядзельку параненька»), пра дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Мікалая Радзівіла Чорнага, які падаецца казачным асілкам (яму варта страпянуцца, і «Усе жалезы паляцелі, а вяроўкі загудзелі. Схапіў шаблю, схапіў меч, пагнаў шведаў у свет прэч»), пра татараў, што стаялі пад Крычавам ці «каля Клеціўска» («Падымалісь чорны хмары»), пра казакоў, што дашчэнту зруйнавалі Магілёў («Ой, у горадзе Магілёве») і інш.
Найбольш у песнях адбілася шматвяковае процістаянне славян з цюркска-татарскім этнасам. Звязаныя з ім перажыванні закраналі кожнага чалавека незалежна ад яго грамадскага статуса: палон, няволя ў татараў (туркаў), пакутніцкая смерць, разбурэнне сямейных гнёздаў, самазабойства як паратунак ад няволі — усё гэта стала тэмамі песень, якія бытавалі ў фальклоры многіх славянскіх народаў, у т.л. і ў беларусаў. У гістарычнай песні гэтай тэматыкі адбілася рашучае непрыняцце варварскіх азіяцкіх вайсковых і бытавых звычаяў (продаж чалавека ў няволю, купля жонак, гандаль блізкімі і да т.п.). У гістарычнай песні услаўляецца стойкасць чалавека, што не спакушаецца прапановамі ворагаў («Рыцар Байда»), бязмежная адданасць свайму роду, сваёй бацькаўшчыне («Дзяўчына-паланянка», «Маці ў палоне ў Зяця-татарына» і інш.).
У гістарычнай песні больш позняга часу трапляюцца сюжэты, навеяныя падзеямі руска-турэцкай вайны, якая ўцягвала ў свой вір шмат салдат-беларусаў.
Казахская гістарычная песня
З'явіліся ў XV ст. У гістарычных песнях пераважаюць агульнанародныя дзяржаўныя ідэалы. Паміж гераічным эпасам і гістарычнымі песнямі існуе істотнае адрозненне не толькі ў ідэях, сюжэтах і тэматыцы, але і ў паэтыцы. Так, у гістарычных песнях не сустракаюцца такія матывы, як цудоўнае нараджэнне батыра, пошукі ім нявесты, гераічнае сватаўство, нараджэнне спадчынніка. Таксама адсутнічае, як правіла, гіпербалізацыя ў апісанні героя і яго подзвігаў, характэрная для эпасу. Большасць гістарычных песень апісвае найбольш значныя падзеі XVIII ст. — асабліва цяжкага перыяду ў гісторыі казахскага народа. Самыя вядомыя гістарычныя песні: «Каракерей Кабанбай батыр», «Богенбай батыр», «Сабалак», «Олжабай батыр», «Жанибек батыр», «Отеген», «Райымбек», «Бердикожа батыр» і інш. Існуюць гістарычныя песні, прысвечаныя барацьбе за незалежнасць, супрацьстаяння царскаму і феадальнаму гнёту, а таксама нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1916 г. У рукапісным фондзе НАН Казахстана захоўваецца больш за 150 запісаў гістарычных песень.
Літаратура
- Балады: У 2 кн. / [Уклад., сістэматызацыя, уступ. арт. і камент. Л. М. Салавей; Уступ. арт., уклад. і сістэматызацыя напеваў Т. А. Дубковай; Рэдкал.: В. К. Бандарчык і інш.]. Кн. 2. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 743 с.: іл. — (Беларуская народная творчасць).
- Гарэцкі, М. І. Гісторыя беларускай літаратуры / [Уклад. і падрыхт. тэксту Т. С. Голуб; Рэд. М. І. Мушынскі]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — 478,[2] с., [16] л. іл., 1 л. партр.: іл. — (Спадчына). — ISBN 5-340-00712-X.
- Историческая песня // Казахстан: Национальная энциклопедия: В 5 т. Т. 2: Г — Й. — Алма-Ата: «Қазақ энциклопедиясы», 2005. — 560 с. — С. 519. — ISBN 9965-9746-3-2.
- Салавей, Л. Гістарычная песня / Лія Салавей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 14.
Спасылкі