Груша́нка сярэдняя (Pyrola media) — від кветкавых раслін роду Грушанка (Pyrola) сямейства Верасовыя (Ericaceae).
Распаўсюджанне і экалогія
У прыродзе арэал віду ахоплівае ўсю тэрыторыю Еўропы, Каўказ, Заходнюю Сібір, заходнія раёны Усходняй Сібіры і Кітай (правінцыя Гірын і Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён)[1].
Расце ў лясах.
Батанічнае апісанне
Шматгадовая травяністая расліна з тонкім, бурым, моцна галінастым карэнішчам, якое нясе ў вузлах даданыя карані. Кветкавыя парасткі вышынёй 10—33 см, нясуць адзін лускападобны востры ліст.
Лісце на хвосціках, якія звычайна даўжэй пласцінкі, скурыстае, круглявае або круглява-авальнае, ледзь прыкметна гародкавае, сабрана ў разетку ля аснавання сцябла, часта застаецца на зіму.
Кветкі сабраны на канцах кветканосаў ў гронкападобныя суквецці. Чашачка з яйкападобна-ланцэтнымі, завостранымі, чырванаватымі долямі. Вяночак белы або ружовы, напаўраскрыты; пялёсткі амаль круглявыя, даўжынёй 6—8 мм, шырынёй 4,5—6 мм. Слупок трохі сагнуты ўніз і некалькі выдаецца з вяночка, акружаны тычынкамі, з пяцілопасцевым бугорчатым лычыкам.
Плод — каробачка даўжынёй 4—5 мм і шырынёй 6,5—8 мм, на кветаножках даўжынёй 8—9, радзей ад 5 мм.
Таксанамія
Від Грушанка сярэдняя ўваходзіць у род Грушанка (Pyrola) трыбы Pyroleae падсямейства Monotropoideae сямейства Верасовыя (Ericaceae) парадку Верасакветныя (Ericales).
Зноскі
- ↑ Паводле сайта GRIN (гл. картку расліны).
Літаратура
Спасылкі
- Грушанка средняя: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)