Гро́дскі суд, замкавы суд — суд пры мясцовай адміністрацыі ў землях Вялікага Княства Літоўскага. Назва ад замка («грода»), звычайнага месца функцыянавання такога суда. Адным з першых нарматыўных дакументаў, які датычыў становішча гродскага суда, быў прывілей Ягайлы (20 лютага 1387). У XVI стагоддзі парадак дзейнасці гродскага суда ўдакладнялі і рэгламентавалі Статуты ВКЛ.
Спачатку ў гродскім судзе разглядаліся амаль усе мясцовыя справы, але пазней, са з'яўленнем іншых судоў (земскага і інш.), у кампетэнцыі гродскага засталіся толькі «гарачыя справы» — аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаннях, падпалах, разбоях, згвалтаваннях, атручваннях, а таксама грамадзянскія справы аб вяртанні збеглых прыгонных сялян і чэлядзі нявольнай. Асноўнай задачай гродскага суда было ажыццяўленне правасуддзя адносна асоб, злоўленых «з ліцом» (на месцы ўчынку), а таксама затрыманых на працягу 24 гадзін пасля здзяйснення злачынства. Гродскі суд таксама сведчыў грамадзянска-прававыя дагаворы, забяспечваў судовыя доказы і г.д.
Калі злачынец-шляхціц паспяваў на працягу 24 гадзін схавацца ў сваім домаўладанні, яго належала выклікаць спецыяльнай позвай у суд на чарговае судовае пасяджэнне, але не пазней чым праз 4 тыдні. Калі тэрмін быў прапушчаны, зацікаўлены бок мог звярнуцца ў земскі суд.
Судовыя функцыі ў гродскім судзе выконвалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — ваявода, староста, дзяржаўца, якія, паводле Статуту 1529 года, павінны былі разглядаць справы з удзелам шляхты. Калі гэтыя службовыя асобы не былі на месцы, або адмаўляліся ад удзелу ў судовым працэсе, іх функцыі ў судзе выконвалі намеснікі. У такім выпадку суд здзяйсняўся калегіяй, у якую ўваходзілі падваявода, падстароста, гродскі суддзя, пісар; апошнія два прызначаліся ваяводам або старостам са шляхты мясцовага паходжання, знаёмай з правам. Такім чынам, суд мог дзейнічаць у двух складах — вышэйшым і ніжэйшым. Вышэйшы гродскі суд (у склад якога абавязкова ўваходзіў ваявода ці стараста) выконваў і функцыі суда другой інстанцыі, г.зн. апеляцыйнай інстанцыі ў адносінах да ніжэйшага складу гэтага суда.
З цягам часу ўсе судовыя справы пачалі рэгістравацца ў спецыяльных судовых кнігах, якія закон абавязваў дбайна захоўваць. Пры кожным гродскім судзе Статутам 1588 года патрабавалася наяўнасць належнага, добра ўмацаванага судовага двара, а таксама турмы і ката.
За́мкавы суд, гродскі суд // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 320—321. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.