У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем
Генрых I.
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем
Генрых V.
Генрых I (ням.: Heinrich I, фр.: Henri I; 960 — 27 лютага 1026) — граф Люксембурга з 988 года і герцаг Баварыі пад імем Генрых V у 1004—1008 і 1017—1026 гадах, старэйшы сын графа Люксембурга Зігфрыда і Гедвігі.
Біяграфія
Генрых насіў тытул графа Ардэненгау яшчэ ў 993 годзе, да смерці свайго бацькі. У 1001 і 1002 годзе Генрых суправаджаў імператара Атона III у яго паходзе ў Італію.
У 1004 годзе ён атрымаў Баварыю ад караля Германіі Генрыха II Святога, жонка якога Кунігунда даводзілася сястрой Генрыху I. Выбар Генрыха быў таксама падтрыманы баварскай знаццю. У 1004 і 1005 гадах ён удзельнічаў у кампаніі імператара супраць князя Польшчы Баляслава I Храбрага, але ўжо ў 1008 годзе Генрых I паўстаў супраць караля, і ў 1009 годзе апошні пазбавіў графа Люксембурга ўладанняў у Баварыі і вярнуў сабе тытул герцага. У снежні 1017 года, пры заступніцтве архібіскупаў Херыберта Кёльнскага і Попа Трырскага, імператар у тым жа годзе вярнуў Баварыю Генрыху I.
У 1024 годзе, пасля смерці імператара Генрыха II, Генрых I падтрымаў кандыдатуру Конрада II з Салічнай дынастыі на імператарскі трон.
Генрых не быў жанаты і памёр у 1026 годзе. Яго люксембургскія ўладанні перайшлі да яго пляменніка Генрыха II, а Баварыя вярнулася пад кіраванне імператара, які праз год перадаў герцагства свайму сыну Генрыху. Верагодна, Генрых I быў пахаваны ў Остэхофене, у Ніжняй Баварыі. Ён з'яўляўся заступнікам абацтваў Санкт-Максімін у Трыры і Санкт-Віліброрд у Эхтэрнаху, якія належалі яго сям'і.
Зноскі
Літаратура
- Sigmund Ritter von Riezler. Heinrich V. (Herzog von Bayern) // Allgemeine Deutsche Biographie (ADB). Band 11. — Leipzig: Duncker & Humblot, 1880. — S. 459. (ням.)
- Lefort Alfred. La Maison souveraine de Luxembourg. — Reims: Imprimerie Lucien Monge, 1902. — 262 p.
- Gade, J. A. Luxemburg in the Middle Ages. — Leiden. — P. 54—55.
Спасылкі
Генрых I (граф Люксембурга) — продкі |
---|
|