Краіна Сінгапур размяшчаецца на востраве Сінгапур (малайская назва — Пулау Уджонг) разам з групай невялікіх прылеглых астравоў, найбольш значнымі з якіх з’яўляюцца астравы Джуронг, Пулаў Тэконг, Пулаў Убін і Сентоса. Плошча Сінгапура складае 721,5 км² (2018 год), яна паступова павялічваецца дзякуючы праграме намыву тэрыторыі, якая дзейнічае з 1960-х гадоў, павялічваецца і колькасць астравоў — цяпер іх 63. Агульны прырост тэрыторыі з пачатку рэалізацыі праграмы склаў 23 %, да 2030 года плануецца прыдбаць яшчэ 45 кв.км новай зямлі. З іншага боку, некаторыя праекты прыводзяць да зліцця дробных астравоў, гэткім чынам з 7 малых выспачак быў створаны востраў Джуронг.
Геаграфічнае становішча
Сінгапур знаходзіцца за 137 км на поўнач ад экватара, што адпавядае 1 з лішкам градусу пн.ш. Востраў Сінгапур аддзелены ад паўвострава Малака пралівам Джахор шырынёй ледзь больш за 1 км. Берагі праліва злучаны насыпам у паўночнай частцы вострава і мостам у заходняй. На поўдні Сінгапур амываецца цёплымі водамі Малакскага і Сінгапурскага праліваў, якія злучаюць Андаманскае мора з Паўднёва-Кітайскім, і пралівам Джахор, па моры дзяржава мяжуе з астравамі Рыау, што належаць Інданезіі. Большасць астравоў атачаюць каралавыя рыфы.
Геалагічная будова і рэльеф
Геалагічную аснову вострава Сінгапур складаць магматычныя скальныя пароды, асноўныя з якіх — граніт і габра. На паўночным усходзе знойдзены метамарфічныя кварцыты. У сейсмічных адносінах Сінгапур даволі спакойны, паколькі бліжэйшыя тэктанічныя разломы (Суматранскі і Сунда) праходзяць на бяспечнай адлегласці і землятрусы толькі "гайдаюць", але не разбураюць горад. Падчас катастрафічнага землетрасення 2004 удар прыняла на сябе Суматра, захінуўшы Сінгапур ад жудаснага цунамі. Вышэйшы пункт вострава — узгорак Букіт-Цімах — мае вышыню 163,6 м над узроўнем мора.
Клімат
Клімат тэрыторыі экватарыяльны, вільготны, з высокімі тэмпературамі на працягу ўсяго года. Сярэдняя гадавая тэмпература 26 °C, а розніца тэмператур самага халоднага (студзень) і самага цёплага (травень) месяцаў не перавышае 1 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў 2400 мм., размеркаваны яны раўнамерна цягам году (каля 150 мм за месяц), зрэшты, лістапад-студзень за кошт мусонаў удвая вільгатнейшыя.
Самая доўгая рака краіны (Селатар) мае даўжыню 16 км.
Расліннасць і ахова прыроды
Раней на востраве раслі вільготныя трапічныя лясы, але цяпер першародныя лясы амаль цалкам знішчаныя з-за хутка росту горада, следам знікла бадай што палова аўтэнтычнай фаўны. Тым не менш, зеляніны на востраве хапае: усцяж вуліц раскінулі свае шаты дрэвы, а на ўзгорку Букіт-Цімах арганізаваны вялікі запаведнік, што займае амаль 10 % вострава. На паўночным усходзе ў забалочанай мясцовасці Сунгей-Булах у 2002 годзе быў створаны запаведнік з мэтай аховы пералётных птушак. Далёка за межамі Паўднёва-Усходняй Азіі вядомы сінгапурскі батанічны сад — першы аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Сінгапуры, адзін з трох увогуле і адзіны трапічны батанічны сад у гэтым пачэсным спісе.
Экалагічныя праблемы
З непрыемных экалагічных з'яваў можна адзначыць прыток забруджанага тарфянымі пажарамі паветра з суседняй Суматры, што нярэдка здараецца ў ліпені-кастрычніку і завецца паўднёва-азіяцкай смугой.