Ганс Мемлінг (ням.: Hans Memling, нідэрл.: Jan van Mimmelynghe, лац.: Johannes Memmelinc або Memlinc; 1433/1435, Зелігенштат — 11 жніўня1494, Бругэ) — нідэрландскі жывапісец. З'яўляецца буйнейшым мастаком ранняга нідэрландскага Адраджэння.[3]
У творчасці Г. Мемлінг спалучаў познагатычныя і рэнесансныя рысы.[4] Ужо ў ранніх яго работах відавочна імкненне надаць сакральным тэмам узвышаны сэнс, а ўсяму зямному — ідэальную прыўзнятасць.[3]
Значную колькасць твораў жывапісца складаюць невялікія па памерах кампазіцыі апавядальнага характару, у якія ён часта ўводзіць выявы людзей, не звязаных з асноўным сюжэтам («Алтар Адрыяна Рэйнса», 1480; «Страсці Хрыстовы», каля 1470; «Сем радасцей Марыі», каля 1480; «Дабравешчанне», каля 1482). Мастак выканаў многа партрэтаў — як самастойных твораў, так і выяў данатараў. Так, у рабоце «Алтар Марціна ван Ньювенхове» на адной створцы ён піша Марыю з дзіцём, а на другой — заказчыка твора. Жывапіс дыпціха вызначаецца асаблівай светланоснасцю, а фарбы — падкрэсленай гучнасцю, што дазваляе перадаць ідэальны ў сваёй чароўнасці твар мадонны, жыццёвую рухомасць фігуры ван Ньювенхове.
Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры, пейзажа, анімалістычных матываў.