Выбух у Менскім беларускім тэатры — выбух, які адбыўся ў Менскім беларускім тэатры 22 чэрвеня 1943 года, у час нямецкай акупацыі, арганізаваны савецімі партызанамі.
Падзеі 22 чэрвеня 1943 года
22 чэрвеня 1943 года, у другую гадавіну нападу Германіі на СССР, які немцы называлі «днём вызвалення», у Менскім беларускім тэатры адбылася цырымонія заснавання Саюза беларускай моладзі[1]. Паводле гісторыка Юрыя Туронка міна, устаноўленая пад сцэнай, мусіла ўзарвацца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся гаўляйтар Вільгельм Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэння СБМ. Але выбух прагучаў пазней, у час спектакля паводле камедыі «Пан міністар» Ф. Аляхновіча, на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў[2].
Аляксандр Станюта ўспамінаў: «У той дзень, 22 жніўня, праз два гады ад пачатку вайны, у тэатры, падчас сходу мінскай моладзі з маючым пасля адбыцца спектаклем, партызаны планавалі ўзарваць мінаю гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ. Але ён чамусьці не прысутнічаў. Ацалелыя ж пасля выбуху згадвалі, што наогул бачылі там толькі аднаго нямецкага афіцэра — той сядзеў з жанчынаю на галёрцы. А ўнізе загінула нямала маладых людзей […] Акцыю, выходзіць, не змаглі прыпыніць — і застаецца толькі спадзявацца, што менавіта адно не змаглі…»[1].
Паводле ўспамінаў артыста тэатра Мікалая Шчансновіча, на сцэне ў час выбуху быў артыст Барыс Уладамірскі. Яго выбуховай хваляй шпурнула праз усю сцэну, ён стукнуўся аб палатняную дэкарацыю, якая змякчыла ўдар, і ён застаўся цэлы. Дзень быў вельмі гарачы, таму артыст В. Окалаў з іншымі ўдзельнікамі спектакля ў чаканні свайго выхаду на сцэну стаялі ў расчыненых дзвярах, якія выходзілі ў сквер. Выбуховай хваляй іх выкінула вонкі. Назаўтра немцы абвясцілі, што дыверсію здзейснілі партызаны. Правялі следства, але нікога не арыштавалі[3].
Загінулі некалькі сяброў Саюза беларускай моладзі, сярод якіх Андрэй Братко, Яраслаў Кушаль, сын паэтэсы Наталлі Арсенневай і вайскоўца Францішка Кушаля, Кастусь Мокат, Тамара Насеннік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін і трое неапазнаных асоб[1]. Паводле Туронка загінула 13 чалавек, некалькі дзесяткаў былі цяжка параненыя[2]. Паводле тагачасных савецкіх крыніц было звыш 30 забітых і 100 параненых[4], таксама паведамлялася, што забіта 70 і паранена 110 салдат і афіцэраў праціўніка[5].
Наступныя падзеі
З 23 чэрвеня тэатр афіцыйна закрылі на рамонт[3]. Раніцай 25 чэрвеня адбыліся жалобныя набажэнствы ў царкве і касцёле, пасля чаго дамавіны з нябожчыкамі былі перанесеныя ў залу Акруговага камісарыята, дзе а 3-й гадзіне па поўдні адбылася цывільная жалобная ўрачыстасць. Пасля жалобнага маршу, сыгранага аркестрам, дамавіны ахвяраў былі вынесеныя з залі Акруговага камісарыята, каб адвезці іх на Вайсковыя могілкі. Каля будынка Камісарыята сабраўся натоўп, які затым рушыў галоўнай вуліцай могілкаў[6].
|
Кажная дамавіна пакрытая бел-чырвона-белым сьцягам і засыпаная краскамі й вянкамі. […] Разам у жалобным паходзе плылі аўтамабілі розных урадавых нямецкіх установаў. […] Сьвятар а. Кушнер, адправіўшы адпаведныя малітвы, сказаў прамову царкоўна-нацыянальнага зьместу. У канцы над магілаю прамовіў старшыня сталічнага гораду праф. Д-р. Іваноўскі. «- Дарагія нашыя нябожчыкі: Андрэй Братко, Яраслаў Кушаль, Кастусь Мокат, Тамара Насеньнік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін і Вы, трое непазнаных». […] Пасыпалася беларуская зямліца, каб закрыць навекі ахвяры бальшавіцкага злачынства[1].
|
|
Паводле ўспамінаў Аляксандра Станюты, усіх загінулых пахавалі ў брацкай магіле[1].
Паводле Мікалая Шчансновіча, рамонт праводзілі млява, «такімі тэмпамі, быццам ніхто не быў у гэтым зацікаўлены»[3]. Пасля рамонту тэатр зноў адкрыўся 2 красавіка 1944 года.
Зноскі