Атрымала сваю назву ад кірунку да прадмесця Лукішкаў, дзе з часоў Вітаўта пасяліліся крымскія татары. У пачатку XIX ст. вуліца мела брукаваную праезную частку.
За савецкім часам вуліцу перайменавалі ў імя літоўскага камуністычнага дзеяча Паляцкіса. У наш час ёй вярнулі гістарычную назву. 14 верасня 2016 года на кутнім будынку (на рагу з праспектам Гедзіміна) гарадскія ўлады адкрылі шыльду з назвай вуліцы на крымска-татарскай мове.
Агульныя звесткі
Даўжыня вуліцы каля 600 м. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад праспекту Гедзіміна. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
№ 1 (таксама праспект Гедзіміна, 10) — дом Гаспара Жалкоўскага, збудаваны ў 1855 годзе. У 1876 годзе зямянін Піліп Давойна прыбудаваў да гэтага дома 2-павярховы будынак. У 1878 годзе новы ўладальнік Геранім Усціновіч надбудаваў трэці паверх да дома Жалкоўскага. У 1913 годзе абодва будынкі злучылі ў адзін, тады ж над другім домам надбудавалі трэці паверх.
№ 20 — друкарня Марціна Кухты. Дзейнічала з 1911 года. У пачатку XX ст. тут друкаваліся кнігі на беларускай, літоўскай і польскай мовах. У верасні 1918 года пабачыла свет першая ў гісторыі «Беларуская граматыка для школ»[3].