Вераніка Сандра Карын Маджыа (шведск.: Veronica Sandra Karin Maggio; нар. 15 сакавіка 1981, Упсала, Швецыя) — спявачка шведскага і італьянскага паходжання, уладальніца прэміі Grammisgalan 2006 года ў намінацыі «Дэбют года».
У сакавіку 2006 года Маджыа выпусціла дэбютны сінгл «Dumpa mig»; відэакліп на гэтую песню неўзабаве стаў хітом тыдня на шведскім музычным тэлеканале ZTV. Наступным яе сінглам стаў «Nöjd?». Затым яна падпісала кантракт з Universal Music і летам 2006 года адправілася ў турнэ. У тым жа годзе выйшаў першы студыйны альбом Vatten och bröd, тэксты і музыку да якога былі напісаныя Стэфанам Грэслундам, за выключэннем рэп-куплета ў песні «Vi har, vi har», які прыдумаў Крыстафер Мальмстэн.
26 сакавіка 2008 года Вераніка Маджыа выпусціла другі альбом Och vinnaren är …, які яна сачыніла і запісала сумесна з Оскарам Лінросам. У Швецыі ён атрымаў плацінавы сертыфікат і правёў у нацыянальным хіт-парадзе больш за год, дабраўшыся да сёмай пазіцыі. Сінгл з альбома «Måndagsbarn» меў поспех у Нарвегіі і Даніі.
Яе трэці альбом Satan i gatan, створаны ў супрацоўніцтве з Крысціянам Вальцам і Маркусам Крунегордам, выйшаў 27 красавіка 2011 года. З першым сінглам з яго «Jag kommer» Вераніка Маджыа упершыню дасягнула вяршыні шведскага чарта.
Зноскі