30 жніўня 2023 года ў Габоне адбыўся ваенны пераварот[1]. Змоўшчыкі ставілі сваёй мэтай правесці новыя прэзідэнцкія выбары[2][3].
Перадгісторыя
У жніўні 2023 года ў Габоне прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Алі Бонга Андзімба, які кіраваў краінай ужо 14 гадоў на момант абрання. Ён з’яўляецца сынам Амара Бонга, экс-прэзідэнта Габона, які кіраваў краінай з 1967 года. Прэзідэнцкія выбары 2023 года прайшлі ў атмасферы адключэння інтэрнэту і адсутнасці назіральнікаў[4].
У 2019 годзе кіраўніка краіны ўжо спрабавалі зрынуць, але антыўрадавыя сілы пацярпелі паразу.
Ход падзей
У 3:30 30 жніўня 2023 года было абвешчана аб перамозе дзеючага кіраўніка дзяржавы на выбарах[5]
Раніцай у Лібрэвілі, сталіцы Габона, пачалася стральба[4]. Як высветлілася, у горадзе пачаўся ваенны пераварот. Супраць урада Алі Бонга выступілі Рэспубліканская гвардыя, Прэтарыянская гвардыя прэзідэнта, салдаты рэгулярнай арміі і супрацоўнікі паліцыі[2].
Прыкладна а 5:00 паводле Грынвіча, змоўшчыкі па тэлебачанні абвяшчаюць пра закрыццё межаў краіны на нявызначаны тэрмін[3]. Адначасна ўвядзены каменданцкі час[6]. Там жа група высокапастаўленых вайскоўцаў заявіла пра сваю нязгоду з вынікамі выбараў. У выступе па тэлебачанні яны паведамілі, што ўяўляюць сабой усе сілы абароны і бяспекі краіны. Было абвешчана аб роспуску Сената, Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйнага суда і выбаркама[7]. Таксама быў заблакаваны доступ у Інтэрнэт[6].
Алі Бонга быў захоплены вайскоўцамі і змешчаны пад дамашні арышт[8]. Часовым прэзідэнтам абвешчаны Брыс Алігі[9].
Рэакцыя
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што пераварот узмоцніць нестабільнасць у Афрыцы, назваўшы гэта вялікай праблемай[10].
Прэм’ер-міністр Францыі Элізабэт Борн заявіла, што Парыж з найвялікшай увагай сочыць за падзеямі ў Габоне[11].
КНР заклікала да гарантый бяспекі для зрынутага прэзідэнта[12].
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль уважліва назірае за сітуацыяй у Габоне. Пераварот стаў прадметам глыбокай заклапочанасці[13].
Крыніцы