Бібліятэка Слонімскага кляштара канонікаў латэранскіх — бібліятэка, якая існавала пры Слонімскім кляштары канонікаў латэранскіх з сярэдзіны XVII стагоддзя да сярэдзіны XIX стагоддзя. Дакументальныя дадзеныя пра бібліятэку паходзяць пачынаючы з пачатку XVIII стагоддзя. У 1704—1706 гадах тут было 293 кнігі ў 316 тамах, пераважалі прапаведніцкія, гістарычныя і аскетычныя творы (асобна пазначаны рукапісы і забароненыя кнігі). Зафіксаваны выдаткі кляштара на пераплётныя работы і закупку кніг, у т.л. пропаведзяў у Кракаве. Хоць з XVIII стагоддзя канонікі трымалі павятовую і парафіяльную школы, кляштарная бібліятэка не вызначалася велічынёй, таму можна меркаваць, што школы трымалі ўласныя бібліятэкі. У 1820 годзе ў бібліятэцы 243 кнігі, у т.л. лацінскіх і польскіх пропаведзяў, аскетычных і антычных твораў. У 1830 годзе было 400 кніг, у 1836 годзе — 779 кніг.
Літаратура
- В. С. Пазднякоў. Бібліятэка Слонімскага кляштара канонікаў латэранскіх // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- Pietrzkiewicz I. Biblioteki klasztorów słonimskich w świetle zachowanych inwentarzy XVIII—XIX ww. // Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. СПб., 2005. Вып. 3.