Будынак іспанскай адміністрацыі (нідэрл.: Spaans Gouvernement) — будынак у Маастрыхце (Нідэрланды), размешчаны ў паўднёвай частцы плошчы Врэйтхоф(гал.) (бел..
Раней дом называлі будынкам брабанцкай адміністрацыі, таму што ў ім заўсёды спыняліся герцагі Брабанцкія. Пасля таго, як у 1506 годзе Карл V, спадчыннік тытула герцага Брабанцкага, стаў таксама каралём Іспаніі, дом сталі называць будынкам іспанскай адміністрацыі. Паміж 1519 і 1550 гадамі Карл неаднаразова ў ім спыняўся, а палкаводзец Алесандра Фарнезэ, герцаг Пармскі, верагодна, менавіта тут у 1580 годзе абвясціў Вільгельма Аранскага па-за законам.
Самай старой часткай будынка з’яўляецца яго правы бок, які датуецца XV стагоддзем. У афармленні вокнаў ясна адрозныя элементы позняй готыкі. Іх упрыгожваюць гербы Карла V і сімвал Габсбургскага дому — арол. Двое іншых вокнаў увянчаны гербам Іспаніі і дэвізам «Plus ultra» (у перакладзе з лацінскай — «далей за межы», афіцыйны дэвіз Іспаніі, прыняты Карлам V). Гэтыя ўпрыгожванні былі зроблены да прыезду ў 1520 годзе імператара Карла V у Маастрыхт.
У левай частцы будынка вокны, якія з’явіліся некалькімі стагоддзямі пазней, аформлены ў стылі рэнесансу. Першапачаткова гэта частка будынка была выканана з дрэва, і толькі ў 1620 годзе з-за пагрозы пажару перабудавана ў камені. У XVIII—XIX стагоддзях будынак яшчэ некалькі разоў быў перабудаваны. У 1970-я гады ён быў адрэстаўраваны і пафарбаваны ў цяперашні чырвоны колер.