Пабудаваны ў 1928—1931 гадах па праекце архітэктара Герасіма Якушкі[1][2]. Адзін з першых у Беларусі спецыялізаваных будынкаў лячэбных устаноў. Першапачаткова паліклініка, пасля кардыялагічны дыспансер, цяпер ў будынку размешчана Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску.
Архітэктура
Будынак Г-падобны ў плане, з роўнымі па даўжыні крыламі, на тарцах якіх размешчаны амаль квадратныя ў плане 2—3-павярховыя аб’ёмы са схільнымі дахамі. Аб’ёмы злучаны двухпавярховай вуглавой часткай, якая на галоўным фасадзе вырашана паўкругам. Крывалінейны абрыс надае кампазіцыі будынка пластычнасць і выразнасць. Фасады тарцовых аб’ёмаў пазбаўлены дэкору, у вуглавой частцы прасценкі вылучаны рустам. Найбольш складаную канфігурацыю плана і кампаноўку памяшканняў мае аб’ём паўночна-ўсходняга тарца. У ім 2 уваходы, галоўны злучаны непасрэдна з лесвічнай клеткай, якая выступае на фасадзе.
Зноскі
↑Мікалай Ножнікаў. Застывшая музыка зодчего Якушко(руск.). vestnik-mogileva.info (23 верасня 2011). Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2016. Праверана 10 студзеня 2016.