Батальён «Тэрор» — воінскае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў у структуры ГУР МА Украіны. Створаны ў 2022 годзе на пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Названы ў гонар камандзіра аддзялення Змітра «Тэрора» Апанасовіча, які загінуў пры абароне Ірпеня[uk].
Гісторыя
У красавіку 2022 года ў складзе беларускага добраахвотніцкага батальёна імя Кастуся Каліноўскага была сфарміравана вучэбная рота, якая пасля перарасла ў батальён. Першыя публічныя заявы аб батальёне «Тэрор» у складзе палка Каліноўскага адносяцца да ліпеня 2022 года.
У жніўні 2022 года «Тэрор» выйшаў са складу палка Каліноўскага[2]. Начальнік штаба батальёна Радыён «Гена» Батулін тлумачыў рашэнне неабходнасцю павышэння баяздольнасці падраздзялення[3].
У верасні 2022 года МУС Беларусі прызнала інтэрнэт-рэсурсы батальёна экстрэмісцкім фарміраваннем[4].
27 снежня 2022 года «Тэрор» афіцыйна аб’явіў аб сваім уваходзе ў склад Беларускага добраахвотніцкага корпуса як адно з яго асноўных падраздзяленняў[5].
12 лістапада 2024 Telegram канал «Тэрору» аб’явіў пра спыненне свайго існавання.
Удзел у баявых дзеяннях
З красавіка 2022 года батальён удзельнічаў у ваенных аперацыях на поўдні Украіны, у прыватнасці — у вызваленні Херсоншчыны. Сярод найбольш значных выкананых баявых задач — узяцце байцамі батальёна стратэгічна важнай пазіцыі «Макдональдс» у раёне населеных пунктаў Андрэеўка і Благадатаўка, што дазволіла падраздзяленням ЗСУ правесці паспяховую аперацыю на левым беразе ракі Інгулец.
У складзе БДК байцы батальёна «Тэрор» здзейснілі шэраг баявых аперацый, сярод якіх начны рэйд у раёне Новай Кахоўкі[6]. У ходзе аперацыі штурмавыя групы фарсіравалі Днепр і дэсантаваліся на часова акупаваным левым беразе. Быў знішчаны варожы камандна-назіральны пункт, асноўныя будынкі базы, праціўнік панёс страты ў жывой сіле і тэхніцы[7].
Батальён браў удзел у абароне Ваўчанска ў Харкаўскай вобласці, 12 мая 2024 года прынамсі некалькі байцоў былі паранены[8]. Да 24 мая 2024 года байцы батальёна падарвалі пашкоджаны мост цераз раку Ваўчу за 7 км на ўсход ад Ваўчанска[9].
24 верасня 2024 года ўдзельнічаў у зачыстцы агрэгатнага завода ў Ваўчанску.[10]
Страты
У верасні 2022 года машына з байцамі батальёна «Тэрор» на Херсоншчыне была паражона мінай або снарадам. Кіроўца, беларус з пазыўным «Тэд», загінуў[11].
11 кастрычніка 2022 года загінуў парамедык з батальёна «Тэрор» Міхась Шавельскі «Юнгер»[12].
3 кастрычніка 2023 года Батальён «Тэрор» паведаміў аб тым, што загінулі яшчэ некалькі байцоў батальёна. Колькасць загінулых і абставіны не паведамляліся[13].
Сімволіка
Эмблема батальёна мае форму варажскага (нарманскага) шчыта, дзе ў бел-чырвона-белым полі размешчана выява руны Тэйваз у чорным колеры. У верхняй частцы эмблемы знаходзіцца назва батальёна, узятая ў гонар загінуўшага ў баі Змітра «Тэрора» Апанасовіча.
Бел-чырвона-белае поле шчыта адсылае да колераў нацыянальнага сцяга Беларусі.
Чорны колер сімвалізуе ідэю нацыі, айчыны, роднай зямлі.
Руна Тэйваз, якая асацыюецца з сілай, перамогай, бітвай за справядлівасць, стылізавана пад загалоўную літару назвы батальёна.
Гл. таксама
Зноскі
Спасылкі
Беларусь і расійска-ўкраінская вайна |
---|
Роля і ўдзел | |
---|
Падзеі | |
---|
Фарміраванні | Праўкраінскія | |
---|
Прарасійскія | |
---|
|
---|
Іншае | |
---|