У ліпені 1230 года Балдуін накіраваны як легат Папы Рыгора IX у Рыжскае біскупства, каб урэгуляваць рознагалоссі пасля смерці біскупа Альберта фон Буксгеўдэна, калі на месца біскупа кандыдатаў вылучылі адначасова мясцовы капітул (ён абраў магдэбургскага каноніка Мікалая, бо тым часам Рыжская епархія падпарадкоўвалася проста Рыму) і брэменскі архібіскуп, які таксама прэтэндаваў на ўладу ў Лівоніі, у свой час арганізоўваў Лівонскі крыжовы паход (ён абраў Альберта Зуэрбеера, кандыдатуру падтрымаў і Ордэн мечаносцаў). Балдуін прыбыў у Рыгу ў ліпені 1230 года і вырашыў спрэчку на карысць Рыжскага капітула, зацвердзіў прызначэнне на рыжскага архібіскупа Мікалая фон Наўэна, што ў 1231 годзе пацвердзіў і Папа Рыгор IX.
Таксама тым часам Балдуін паспрабаваў прывесці пад непасрэдную ўладу Папы куршаў, якія за год да яго прыезду абяцалі біскупу Альберту, Ордэну і Рызе прыняць хрысціянства, плаціць царкоўную дзесяціну і прыняць у свае землі васалаў біскупа за дапамогу падчас неўраджаю і голаду. Балдуін прапанаваў куршам дагаворы непасрэдна з Папскай курыяй на лепшых умовах і падпісаў іх у снежні 1230 і студзені 1231 года.
28 снежня 1230 года Балдуін падпісаў дамову з куршскім уладаром Ламекінам (rex Lammechinus), які валодаў трыма куршскімі землямі — часткова Бандавай, Вентавай і Біхавеландам (Bihavelanc). Земля Біхавеланд, у сучаснай літаратуры Піемарэ, размяшчалася на беразе Балтыйскага мора вакол Ліепайскага возера, уключала сярод іншага Дурбэ (Durpis) і грамаду Эзертувэ (Esestua)[5]. Дагавор прадугледжваў, што куршы прымуць хрысціянства, прымуць і будуць забяспечваць прызначаных папскім легатам святароў, а таксама будуць плаціць прызначаным Папам біскупу і прэлатам такую ж даніну, як плацяць жыхары Готланд. Па дамове куршы павінны былі ўдзельнічаць ва ўсіх наступальных і абарончых войнах супраць язычнікаў, ва ўсіх справах слухацца віцэ-легата і тады ў іх будзе права заставацца свабоднымі, пакуль яны будуць адданыя каталіцкай веры.
17 студзеня 1231 года Балдуін падпісаў аналагічны дагавор з 12 усходне-куршскімі грамадамі Бандавы і Вагемы. Дагаворы прадугледжвалі вельмі невялікую даніну і абаранялі куршаў ад уладарства лівонскіх немцаў, што спарадзіла канфлікт Балдуіна з Ордэнам, рыжскім біскупам і Рыгай.
Рыжскі біскуп Мікалай гэтыя дагаворы не прызнаў.
Мечаносцы захапілі частку зямель куршаў і земгалаў, а таксама на Готланд узялі ў палон куршскіх прадстаўнікоў (закладнікаў-гарантаў), якія накіроўваліся да Папы.
У канфлікце рыжскага біскупа і Ордэна мечаносцаў з легатам Папа стаў на бок свайго пасланца. Той у 1232—1234 гадах праехаў германскія землі, каб сабраць новы крыжовы паход у Лівонію.
28 студзеня 1232 года папа прызначыў Балдуіна сваім легатам у Курземе, Земгале, Лівоніі, Эстляндыі, Чудзі і на Готландзе, прызначыў яго таксама біскупам Земгаліі.
20 красавіка 1233 года Балдуін прыняў пад сваю абарону Земгалію.
Затым Балдуін паспрабаваў стварыць папская вобласць (лац.: Status Pontificius, таксама Dicio Pontificia — «папскае ўладарства») у Паўночнай і Заходняй Эстоніі, зноў сутыкнуўся з супрацівам Ордэн, які выгнаў папскіх службоўцаў з Гервена і Вірумаа, зняволіў або забіў тых, хто падтрымліваў Балдуіна.
У ліпені 1233 года Балдуін вярнуўся ў Рыгу на чале войска, з якім пайшоў супраць мечаносцаў, падтрыманы часткай эстонскай арыстакратыі, цыстэрыянцамі з манастыра ў Дзюнамюндэ і Дэрпцкім біскупам. У баях з рыцарамі Ордэна легат пацярпеў паражэнне і вымушаны быў бегчы ў Германію ў пачатку 1234 года. Толькі бліжэй да вясны 1234 года міжусобная барацьба немцаў у Лівоніі заціхла[6].
9 студзеня 1234 года папа адклікаў Балдуіна ў Рым і адправіў замест яго Вільгельма Мадэнскага.
У 1236 годзе Балдуін па ўласнай ініцыятыве адмовіўся ад пасады біскупа Зямігаліі, а ў 1237 годзе прыняў на сябе супраўленне Кёльнскай епархіяй.
↑Selart, Anti[en] Baldwin von Alna, Dänemark und Rußland. Zur politischen Geschichte Livlands in den 1230er Jahren in "The Reception of Medieval Europe in the Baltic Sea Region" Papers of the XIIth Visby Symposium, Held at Gotland University, Visby(ням.) // Acta Visbyensia : magazin. — Gotland University Press, 2009. — № 12. — С. 59—74.
↑Хрусталёв Д. Г.Русь и Ливония: Поход Ярослава Всеволодовича на Дерпт 1234 г // Северные крестоносцы. Русь в борьбе за сферы влияния в восточной Прибалтике XII-XIII вв / Трофимов В.Ю. — Санкт-Петербург: Евразия, 2018. — С. 200—206. — 622 с. — ISBN 978-5-91852-183-0.