Арыдны клімат (ад лац.: aridus — сухі), або клімат пустынь (у класіфікацыі кліматаў Кёпена пазначаецца спалучэннем лацінскіх літар BWh, BWk, і часам BWn) — сухі клімат з высокімі тэмпературамі паветра, для якіх характэрны вялікія сутачныя ваганні, і малой колькасцю атмасферных ападкаў, каля 100—150 мм/год ці поўнай іх адсутнасцю.
Уся вільгаць, якая атрымліваецца, хутка выпараецца. Рэкі, якія працякаюць праз пустыню з суседніх больш вільготных абласцей, тут мялеюць і часта сканчаюцца бяссцёкавымі катлавінамі з салёнымі азёрамі. Аголеная зямная паверхня выпрабоўвае рэзкія ваганні тэмпературы на працягу сутак, з-за чаго нават шчыльныя горныя пароды разбураюцца і ператвараюцца ў пясок. Вецер бесперашкодна пераносіць масы сухога пяску, ствараючы хвалісты рэльеф пясчаных барханаў і дзюн.
Звычайна вылучаюць два ці тры падтыпы арыднага клімату: клімат гарачых пустынь (BWh), клімат халодных пустынь (BWk) і часам мяккі клімат пустынь (BWh/BWn). Для размежавання клімату гарачых і халодных пустынь звычайна выкарыстоўваецца тры ізатэрмы: сярэднегадавой тэмпературы паветра ў 18 °C, сярэдняй тэмпературы самага халоднага месяца, роўнай 0 °C ці −3 °C. У выпадку, калі тэмпература ніжэйшая за гэтыя значэнні, то клімат класіфікуецца як клімат халодных пустынь («BWk»), калі тэмпература вышэйшая за гэтыя значэнні, то — як клімат гарачых пустынь (BWh)[1].
Клімат гарачых пустынь
Рэгіёны з кліматам гарачых пустынь размешчаны, як правіла, на поўдзень ад субтрапічнага пояса і для іх характэрна малахмарнае надвор’е на працягу ўсяго года дзякуючы стабільным сыходным патокам паветра і ўстойліва высокаму атмасфернаму ціску. Гэтыя рэгіёны размешчаны паміж 30 градусамі паўднёвай і 30 градусамі паўночнай шыраты, у так званых «конскіх шыротах».
Для рэгіёнаў з гарачым падтыпам арыднага клімату характэрна гарачае і экстрэмальна гарачае надвор’е на працягу ўсяго года з абсалютнымі максімумамі тэмператур у 40 °C (104 °F) і больш °C (113 °F). Тым не менш, у асобныя месяцы начныя тэмпературы могуць апускацца ніжэй 0 °C у сувязі з выключнымі стратамі цяпла пад бясхмарным небам. Аднак падобныя начныя замаразкі назіраюцца вельмі рэдка.
Для халодных пустынь характэрна спякотнае (часам экстрэмальна спякотнае) і засушлівае лета. У адрозненне ад рэгіёнаў з гарачым арыдным кліматам, для рэгіёнаў з халодным варыянтам арыднага клімату характэрны халодныя, часам вельмі халодныя зімы з сярэднімі тэмпературамі, якія апускаюцца ніжэй 0 °C[2]. Рэгіёны з халодным кліматам пустынь звычайна размяшчаюцца ў больш высокіх шыротах у параўнанні з рэгіёнамі з гарачым варыянтам арыднага клімату.
Гэты варыянт арыднага клімату рэдка сустракаецца па-за межамі Азіі. Халодныя пустыні, як правіла, сустракаюцца ў рэгіёнах ўмеранага пояса, выпадзенню ападкаў у якіх перашкаджаюць горныя ланцугі. Класічным прыкладам рэгіёна з халодным арыдным кліматам з’яўляецца пустыня Гобі ў Манголіі[2]. Для яе характэрны гарачае лета і вельмі халодныя зімы дзякуючы пераносу паветраных халодных мас з Сібіры і Цэнтральнай Азіі. Пустыні Кызылкум і Такла-Макан у Цэнтральнай Азіі, рэгіён Ладакх у Індыі і найбольш засушлівыя вобласці Пустыні Вялікага Басейна на захадзе ЗША таксама з’яўляюцца варыянтамі клімату BWk.
У арктычных і антарктычных рэгіёнах таксама выпадае вельмі мала ападкаў, аднак яны класіфікуюцца як рэгіёны з палярным кліматам.
Мяккі варыянт арыднага клімату (BWh or BWn), як правіла, характэрны для заходніх узбярэжжаў кантынентаў у межах трапічнага (ці блізкага да яго) пояса ці высакагорных абласцей у раёнах, для якіх характэрны клімат гарачых пустынь. У Паўднёвай Амерыкі мяккі варыянт клімату пустынь характэрны для асобных абласцей пустыні Атакама, асабліва ўздоўж цэнтральнага і паўднёвага ўзбярэжжа Перу. У прыватнасці, такі варыянт клімату пустынь характэрны для Лімы, сталіцы Перу. У Паўночнай Амерыцы такі варыянт арыднага клімату характэрны для паўвострава Каліфорнія. У Афрыцы яму адпавядаюць асобныя раёны пустыні Наміб. На Аравійскім паўвостраве мяккі варыянт арыднага клімату характэрны для асобных раёнаў Емена.
Для рэгіёнаў з мяккім арыдным кліматам характэрны больш умераныя тэмпературы ў параўнанні з іншымі абласцямі, размешчанымі ў тых жа шыротах (звычайна з-за блізкасці халодных цячэнняў) і (для прыбярэжных пустынь) частыя туманы і нізкая воблачнасць, нягледзячы на вельмі нізкую колькасць ападкаў, якія выпадаюць.