Артаксеркс I «Лангіман», «Даўгарукі» (? — 424 да н.э.) — цар персідскі, сын Ксеркса I. У 455 да н.э. вёў вайну супраць Егіпта. Флот Артаксеркса быў пераможаны афінскімі марскімі сіламі ў бітве пры Саламіне на Кіпры (449 да н.э.) У 448 да н.э. заключыў з грэкамі г.зв. Каліеў мір.
Біяграфія
Грэкі называлі яго Макрахейр — «Даўгарукім», з-за таго, што правая рука ў яго была даўжэйшая за левую.
Уступіў на трон пасля таго, калі ў жніўні 465 года да н. э., у выніку прыдворнай змовы, якую ўзначальваў начальнік палацавай варты Артабан і еўнух Аспамітра, былі забітыя яго бацька і старэйшы брат Дарый. Праз некалькі месяцаў Артаксеркс ліквідаваў Артабана і Аспамітру, забіўшы іх у палацавай сутычцы. У 464 года да н. э. брат Артаксеркса, сатрап Бактрыі Гістаспа падняў паўстанне супраць яго, але быў пераможаны ў двух бітвах і забіты. Асцерагаючыся палацавага перавароту, Артаксеркс загадаў перабіць усіх астатніх сваіх братоў.