«Троя», «Аповесць пра Трою» — адзін з найбольш ранніх помнікаў перакладной літаратуры Русі, сюжэтам для якога паслужыў трагічны лёс малаазіяцкага горада Троі, зруйнаванага грэкамі ў час Траянскай вайны (~1184 да н.э.).
Гераічнае змаганне грэчаскіх і траянскіх герояў, якія не адзін раз ваявалі пад сценамі Троі, давала багаты матэрыял для народных паданняў і легенд. Пазней частка іх была выкарыстана Гамерам у славутых эпічных паэмах «Іліяда» і «Адысея». Але мноства разнастайных варыянтаў аб траянскіх падзеях засталося за рамкамі гамераўскіх паэм і прадаўжала бытаваць у вуснай перадачы, падвяргаючыся творчым апрацоўкам. Гэты фальклорны матэрыял служыў багатай крыніцай і для пазнейшых антычных пісьменнікаў і гісторыкаў, якія ў сваіх творах закраналі і па-свойму адлюстроўвалі падзеі Траянскай вайны, акружанай у народных паданнях рамантычным арэолам.[1]
Першыя звесткі аб Траянскай вайне ўсходнія славяне атрымалі па паўднёва-славянскаму перакладу Хронікі Іаана Малалы (VI ст.) яшчэ ў часы Русі. У XVI ст. аповесць пра Трою, як сведчыць Скарына, была ўжо шырока вядома ў ВКЛ. Але найбольшую папулярнасць на ўсходнеславянскіх землях «Троя» атрымала дзякуючы перакладу праз балгарскае пасрэдніцтва грэчаскай апрацоўкі, якая была змешчана ў Хроніцы Манасіі (XIV ст.). У гэтым творы паядынкі траянскіх герояў нярэдка нагадваюць рыцарскія турніры, а сама асаджаная Троя нагадвае феадальны замак. Аўтар асуджае жорсткасць на вайне.[1]
Зноскі
- ↑ а б Скарына Ф. Творы:… С. 157.
Літаратура
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 157. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.