Анкарскі метрапалітэн (турэцк.: Ankara Metrosu), сістэма грамадскага пасажырскага рэйкавага транспарту ў горадзе Анкара (Турцыя). Спалучае падземныя і наземныя ўчасткі і складаецца з дзвюх ліній — Анкарай (турэцк.: Ankaray) і Метро (турэцк.: Ankara Metrosu). Яшчэ тры лініі будуюцца.
Анкарай
Тэрмінам Анкарай абазначаецца сістэма "лёгкага метро", якая была першай стадыяй будаўніцтва сучаснай грамадскай транспартнай сістэмы турэцкай сталіцы. Будаваў кансорцыюм на чале з Siemens на працягу 1992-1996. Лінія звязвае AŞTİ (Ankara Şehirlerarası Terminal İşletmesi - Анкарскі міжгародні аўтавакзал) і
Дыкімеві (турэцк.: Dikimevi). Працягласць 8,7 км, з якіх 8 км — падземныя тунэлі. На лініі 11 станцый, сістэма абслугоўваецца 11 трохвагоннымі цягнікамі вытворчасці Siemens-Adtranz-Ansaldobreda, S.P.A.
Метро
Працуе з 1997, звязвае цэнтр горада (плошча Кызылай) з прыгарадам Анкары Батыкентам. Працягласць лініі 14,7 км (у тым ліку 6,5 км пад зямлёй), 12 станцый. На лініі працуюць 36 трохвагонных цягнікоў Bombardier Transportation, у гадзіну пік колькасць вагонаў павялічваецца да пяці.
Будуюцца тры лініі метро:
Паўднёва-заходняя: Кызылай—Чайёлу, 18 км, 16 станцый;
Заходняя: Батыкент—Сінджан, 18 км, 11 станцый;
Паўночная: Улус—Кечорэн, 7,9 км, 6 станцый.
У далейшым плануецца пашырэнне сістэмы на поўдзень горада.