Анге́льскае зелле, ямайскі перац або пахучы перац, духмяны перац — прыправа, спецыя, якая вырабляецца з недаспелых і высушаных пладоў (цёмных ягад з двума зернямі) піментавага дрэва (лац.: Pimenta dioica -- Пімента двудомная, Пімента лекавая) роду Міртавых (лац.: Myrtaceae).
Гісторыя
Упершыню з еўрапейцаў знойдзена іспанцамі ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзяў на выспах Карыбскага мора і памылкова прынята за перац, з гэтага паходзіць іспанская (pimenta) і навуковая (Pimenta officinalis) назвы — перац. Дадавалася ацтэкамі ў шакалад. Шырокавядомай у Еўропе стала з канца XVII стагоддзя. Водарам нагадвае гваздзік і цынамон, а вастрынёй — перац, таму ў англійскай мове за прыправай замацавалася назва «all spice» («усе спецыі»).
У кухні ўжываецца як прыправа да мясных страў, каўбас, марынадаў. Некалькі цэлых ці змеленых зярнят, дададзеных да тлустых соусаў, надаюць ім прыемны водар. Ужываецца таксама як прыправа да страў з гародніны і рыбы. Было прынята дадаваць ангельскае зелле ў дэсерты і печыва. Слынны бенедыктынскі лікёр (Benedictine Chartreuse), які выраблялі і ў бенедыктынскіхкляштарах у Вялікім Княстве Літоўскім, гатаваўся з ангельскім зеллем (традыцыя вырабу лікёру адноўлена ў Літве ў 2-й палове XX ст.). Эсэнцыю ангельскага зелля ўжываюць таксама ў касметычнай, парфумернай і фармацэўтычнай вытворчасці.
Літаратура
Дзярновіч А. Ангельскае зелле // Праект «Наша ежа»