Камень падкрэслівае прыгажосць раслін, таму ад яго памераў, формы і колеру залежыць дэкаратыўнасць усёй горкі. Могуць выкарыстоўвацца рознапамерныя камяні — ад невялікіх да буйных; для аматарскіх горак іх звычайна бяруць масай 15—30 кг, як правіла адной пароды і тэкстуры. Каменная кампазіцыя можа стварацца як з аднолькавых (буйных або сярэдніх), так і з розных па велічыні камянёў. Пры ўкладцы іх імкнуцца размясціць натуральна, «пад прыроду», як бы імітуючы горны ландшафт: нагрувашчваючы адзін на адзін, паасобку і групамі. Звычайна пад такі сад адводзяць месца ў некалькі квадратных метраў свабоднай формы.
Будуюць камяністы сад у наступнай паслядоўнасці. Па пазначаным контуры выбіраюць глебу на глыбіню 30—35 см. На суглінках і цяжкіх глебах на дно катлаваны насыпаюць жвір або друз (каля 10—15 см), на пераўвільготненых — да 20 см, на лёгкіх (пясчаных) глебах дно высцілаюць слоем суглінку (10—15 см). Потым у катлаван і ўверх да пажаданай вышыні альпійскай горкі насыпаюць урадлівую (2 часткі лісцевай, 2 тарфяной, 1 перапрэлай дзярновай зямлі і 0,5 часткі пяску). Калі вышыня горкі перавышае 60 см, катлаван не капаюць, бо для развіцця каранёў раслін досыць глыбіні насыпной зямлі. Потым па паверхні насыпнога грунту раскладваюць камяні так, каб яны не выглядалі штучнымі ўтварэннямі і паміж імі заставаліся дастатковыя прасветы для пасадкі розных раслін.
Фактары, што абумоўліваюць прынцыпы размяшчэння раслін на альпійскіх горках, у сваёй аснове тыя самыя, што і для іншых кустова-кветкжвых кампазіцый: у цэнтры садзяць найбольш цікавыя і дэкаратыўныя расліны, на пярэднім плане — прыгожа квітнеючыя, лісцева-дэкаратыўныя і нізкарослыя з арыгінальным галінаваннем. Расліны аднаго віду, формы ці сарты высаджваюць паасобку або групамі, але не раскідаюць па ўсёй горцы. Для ўзмацнення кантрасту перад групамі раслін высаджваюць адну-дзве невялікія, але арыгінальныя расліны. Пажадана, каб на горцы расліны і іх групы поўнасцю не змыкаліся паміж сабой, паміж імі існавалі дастатковых памераў разрывы.
Літаратура
Энцыклапедыя сельскага гаспадара — Мн.: БелЭн, 1993.