Ісак КАМНІН — севастакратар (пасля 1092 — пасля 1152) — трэці, малодшы сын імператара Аляксея I Камніна, бацька імператара Андроніка I, апошняга імператара з дынастыі Камнінаў.
Быў высокім і стройным, меў неўтаймоўны тэмперамент і надмернае славалюбства, валодаў бездакорным літаратурным густам і талентам пісьменніка. Яго жонкай і маці яго дзяцей была дачка перамышльскага князя Валадара Расціславіча. Ісак згуляў важную ролю ва ўзвядзенні на сталец свайго старэйшага брата Іаана II, пасля смерці Аляксея I Камніна. У знак падзякі Ісак атрымаў ад свайго брата-імператара высокі тытул севастакратара.
У першыя гады валадарства Іаана II паміж братамі была згода, але пасля 1122 года іх адносіны рэзка сапсаваліся з прычын, невядомых дакладна. Магчыма, Ісак рыхтаваў змову супраць брата, з мэтай захопу ўлады. У 1122—1123 гадах Ісак разам са сваім старэйшым сынам Іаанам збег да туркаў, дзе разгарнуў прапагандысцкую кампанію супраць свайго брата сярод мусульманскіх і лацінскіх кіраўнікоў Малой Азіі, Сірыі і Арменіі, але значнага поспеху не меў. Ваенныя перамогі Іаана II разбурылі ўсе інтрыгі Ісака. Затым Ісак перабраўся ў Палесціну, дзе на свае сродкі пабудаваў манастыр Іаана Хрысціцеля на Іардане і праклаў акведук ад крыніцы святой Лізаветы да манастыра. Неўзабаве ў Ісака пачаліся фінансавыя цяжкасці і ён вырашыў замірыцца з братам.
У канцы 1136 года браты сустрэліся надзвычай сардэчна ў Сірыі і затым Ісак разам з сынам вярнуўся ў Канстанцінопаль. Але Ісак не адмовіўся ад інтрыг супраць брата, за што быў закуты ў кайданы і прысуджаны да ссылкі ў горад Іраклію на Понце. Сын Ісака зноў збег да турак. Ісак быў памілаваны толькі з пачаткам валадарства імператара Мануіла I, сына Іаана II і адпаведна свайго пляменніка. Больш за тое, Ісак атрымаў ад Мануіла тытул васілеапатара і званне стратапедарха, але і пасля гэтага не адмовіўся ад думак аб вышэйшай уладзе.
Пасля чарговай няўдалай спробы захапіць сталец у 1143 годзе, Ісак сышоў ад палітычнай дзейнасці, прысвяціўшы астатак жыцця заняткам літаратурай і багаслоўскім разважанням. Заснаваў манастыр Багародзіцы Касмасаціры (Светавыратавальніцы), які існаваў да 13 ст. У склепе гэтага манастыра Ісак і быў пахаваны.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Ісак Севастакратар — продкі |
---|
|
| |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|